«Белсат» паразмаўляў з дэпутатам Сейму Літвы Лінасам Бальсісам пра праблемы АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.
Літоўскі бок лічыць, што атамная станцыя небяспечная для нацыянальных інтарэсаў, для здароўя літоўскага насельніцтва, да таго ж гэты праект парушае міжнародныя дамоўленасці і канвенцыі. Дэпутат кажа, што беларускі бок не перадае поўную інфармацыю пра працэс будоўлі атамнай станцыі.
Ужо вядома, што Літва не будзе купляць электраэнергію з Астравецкай АЭС і зробіць усё магчымае, каб электраэнергія з беларускай АЭС або іншых падобных небяспечных электрастанцыяў не магла трапіць на рынак Еўразвязу. Бліжэйшым часам літоўцы пачынаюць дэмантаж усіх лініяў электраперадачаў, якія злучаюць літоўскую энергасістэму з Беларуссю.
«З’явіцца адмысловая станцыя, якая дасць магчымасць уключыцца ў электрасеткі Беларусі. Беларусь не зможа без нашага ведама да яе падлучыцца і пастаўляць сваю энергію ў нашы сеткі, а значыць і сеткі Еўразвязу», – тлумачыць Бальсіс.
Тым жа часам Лінас Бальсіс кажа, што ў Беларусі ёсць шанец прадаць ім энергію з новай станцыі, але пры адной умове.
«Гэты праект можна перакваліфікаваць у іншага тыпу электрастанцыю. Калі збудаваць замест атамнага рэактару вялікі кацёл для спальвання біямасы, то такую электрычнасць Літва б купляла. Але для гэтага патрэбныя перамовы», – паведаміў дэпутат.
Нагадаем, што першы энергаблок БелАЭС плануюць запусціць у 2019 годзе, другі – ў 2020-ым.
ГА, belsat.eu