Літаратураведы выявілі беларускамоўны верш Адама Міцкевіча?


Аўтар твору «Фантазія па-беларуску» не Ян Чачот, а Адам Міцкевіч. Гэткае меркаванне выказаў прафесар Адам Мальдзіс у газеце «СБ. Беларусь сегодня».

Верш быў апублікаваны ў 1902 годзе ў кнізе ўкраінскага літаратара Францішка Духінскага ў Швейцарыі. Першапачаткова лічылася, што твор напісаў паэт Ян Чачот.

Вершу папярэднічае кароткае ўступленне:

«Паколькі маларасейская мова распаўсюджана ў Польшчы больш, чым беларуская, таму публікуем фантазію, якая напісана і на гэтай мове. Зʼяўляецца яна творам Чачота і, відавочна, зʼяўляецца ў друку ўпершыню».

Мусiў то я сягоння рана устаць,

Штоб табе што–нiбуць сказаць;

А штоб сказаць складнiй i к рэчы,

Сеў я сабе каля печы.

Сеў, нагу за нагу залажыў,

Дабыў ражка й табакi зажыў;

А як мой мальчык крычаць пiрастаў,

Так я сабе такую думку здумаў:

Штоб–то я на сьвеце быў каралём!

I меў бы пiтнаццаць рублей грошы!

То б я табе што няделю вячаром

Справiў бы банкет харошый.

Ты б у мяне залiўся гарэлкай,

Ад мяса трэснуў бы табе пуп,

Масла пiў бы поўнай тарэлкай

I кашу еў бы з тонкiх грэцкiх круп.

А як прышлi б твае iмянiны,

Купiў бы табе мёду дзьве тарэлкi;

Купiў бы парася з скацiны

I поўную пляшку гарэлкi.

К гарэлцэ купiў бы перцу за грош,

I за тры грошы ў краме ляку;

Ад ляку быў бы там калор харош,

А перэц быў бы дзеле смаку.

I так, як наелi б цi й напiлi,

Ляглi б на печы пад кажухом;

Там бы то весяло запелi,

I ты пры мне быў бы каралём!

22bb064763332788d962da7257a8f8ef

Аднак у Адама Мальдзіса закраліся падазрэнні, ці гэты верш напісаў Ян Чачот. Прафесар звярнуўся да складальніка кніг твораў Чачота Кастуся Цвіркі, які таксама выказаў меркаванне, што насамрэч гэты верш-імправізацыю напісаў Адам Міцкевіч.  У якасці дадатковага аргументу адмыслоўца адзначыў розніцу ў спосабе выкладу, мастацкім стылі ды веданні беларускай мовы – у вершы шмат паланізмаў ды нават русізмаў.

Дагэтуль ніхто не мог знайсці дакументальных пацверджанняў беларускамоўных вершаў Міцкевіча.

Каб высветліць, хто дакладна напісаў «Фантазію», трэба адшукаць арыгінал напісанага верша ды правесці архіўныя пошукі ў Швейцарыі. Сам прафесар паводле стану здароўя гэтага зрабіць не можа, таму шукае ахвотных пераняць эстафету.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў