Ксяндзу-відэаблогеру прысудзілі 10 содняў арышту за крытыку ўладаў


Вячаслаў Барок, каталіцкі святар з Расонаў, атрымаў 10 содняў арышту. Улады палічылі, што калаж «Стоп лукашызм» у колерах афіцыйнага сцягу і з выявай афіцыйнага герба РБ – нацысцкая сімволіка, і ксёндз такім чынам вінаваты паводле адміністратыўнага артыкулу 17.10 (прапаганда нацысцкай сімволікі).

«Прыгавор незаконны. Яны – злачынцы. Не шкадую. Жыве Беларусь!» – сказаў святар на выхадзе з суда, калі міліцыянеры вялі яго ў месца зняволення.

Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок вядзе ўласны YouTube-канал і не хавае сваіх поглядаў на падзеі ў Беларусі.

«Улада скампраметавала сябе сваімі дзеяннямі, што не ўпісваюцца ў межы прававога поля, падрываюць давер да ўсіх дзяржаўных інстытуцый. У такой сітуацыі, што б яны не зрабілі, усё толькі горш для іх. Ёсць толькі адзін шлях правільны: абвесціць новыя выбары. І, безумоўна, зрабіць іх празрыстымі», – адзначаў святар у каментарах Белсату.

Ксёндз Вячаслаў Барок падчас малітвы на месцы пахавання ахвяраў савецкага тэрору. Фота Марына Сінкевіч, catholic.by.

Раней ксёндз Вячаслаў ужо быў вымушаны хадзіць на размову ў Следчы камітэт быццам бы ў якасці сведкі па крымінальнай справе, аднак яму задавалі пытанні пра ягоны YouTube-канал.

«Чаму з крымінальнай справы перайшлі на адміністратыўны працэс? Хіба не адважыліся рабіць крымінальную, бо самі не ведаюць, што рабіць. Хочуць закрыць рот прапаведнікам, а не ведаюць як», – кажа святар.

Ён лічыць, што ціск на яго аказваецца толькі таму, што ён дае маральную ацэнку дзеянням уладаў.

Раней за выказванне свайго меркавання быў пазбаўлены права на вяртанне ў Беларусь вышэйшы каталіцкі іерарх краіны мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, папярэджанне пракуратуры атрымаў каталіцкі біскуп Юры Касабуцкі.

Некалькі каталіцкіх і праваслаўных святароў былі арыштаваныя за ўдзел у масавых выступах супраць беззаконня і гвалту.

belsat.eu

Стужка навінаў