Крок наперад – крок назад. Эксперты пра Беларусь – у рапарце «Freedom House»


Яшчэ менш свабоды ў свеце. Да такое высновы прыйшла ўплывовая праваабарончая арганізацыя «Freedom House» у сваім найноўшым рапарце. Згодна з ацэнкай экспертаў, сітуацыя з глабальнаю дэмакратыяй пагаршаецца 12-ты год запар. У несвабодных краінах на сёння жыве кожны чацвёрты жыхар планеты. У тым ліку і беларусы. Але Беларусь усё-ткі паднялася на адную пазіцыю ў рэйтынгу.

Дэмакратыя ў небяспецы. Каштоўнасці, якія яна ўвасабляе, пад пагрозай ува ўсім свеце. Гэта вынікае са справаздачы праваабаронцаў з «Freedom House» за 2017 год.

«Першае, што трэба сказаць пра нашае даследаванне, – гэта тое, што яно доўжыцца дзесяцігоддзямі, і мы можам вымяраць дынаміку свабоды ў свеце», – адзначае Віціс Юрконіс, дырэктар аддзелу «Freedom House» у Вільні.

Такім чынам сітуацыя пагаршаецца 12-ты год запар. Зялёны колер на мапе маюць краіны з найбольш высокім узроўнем дэмакратыі. Жоўты – свабодныя часткова. Чырвоны колер азначае найменш свабоды. Сярод такіх краінаў чарговы раз апынулася Беларусь.

Каментуе Алег Агееў, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў: «Цягам доўгага часу мы не знаходзім станоўчых, глабальных зменаў, звязаных са стабілізацыяй асноўных правоў і свабодаў. І таму нашая ацэнка правоў ды свабодаў у прынцыпе супадае з ацэнкаю «Freedom House».

Кожны рапарт «Freedom House» улічвае 2 асноўныя чыннікі: палітычныя правы і грамадзянскія свабоды. Краіны ацэньваюцца згодна з 100-бальнаю шкалою: чым менш, тым горш. Сёлета Беларусь атрымала 21 пункт – на адзін болей, чымся ў мінулай справаздачы.

Працягвае Віціс Юрконіс: «Улады таксама разумеюць, што трэба хаця б крыху адчыніць вакно, што грамадзянская супольнасць, як мінімум тыя, хто працуе ў сацыяльных пытаннях, можа быць карысная. Таму я думаю, што гэтыя чыннікі далі +1».

У той жа час вакно зачыняюць у іншых сферах грамадска-палітычнага жыцця. Зіма і вясна 2017 года прайшла пад знакам пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах. Згодна з ацэнкаю беларускіх праваабаронцаў, гэты дакумент парушае Канстытуцыю Беларусі ды Канвенцыю аб прымусовай і абавязковай працы. Але апагеем парушэнняў правоў чалавека стаўся брутальны разгон акцыі 25 сакавіка.

У той жа дзень былі затрыманыя і некалькі дзясяткаў журналістаў.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі 2017 года, і відаць, што колькасць затрыманняў большая, чымся за 3 папярэднія гады разам. Колькасць штрафаў журналістам за супрацу з замежнымі медыямі, у тым ліку з «Белсатам», вырасла ў разы», – зазначае Алег Агееў, юрыст БАЖ.

Толькі летась сума штрафаў за супрацу з нашым тэлеканалам склала больш за 40 тысячаў рублёў.

Гаворыць журналістка Вольга Чайчыц: «Выпісваюць нам штрафы, каб мы не рабілі матэрыялаў аб праблемах, якія чыноўнікам трэба потым развязваць».

Але ёсць і тыя, хто крытыкуе справаздачы «Freedom House». У прыватнасці ўлады Расеі, якая традыцыйна трапляе ў спіс несвабодных краінаў. На адрас арганізацыі гучаць абвінавачанні ў палітычнай заангажаванасці і прасоўванні інтарэсаў Белага дому. «Freedom House» сапраўды фінансуецца ўрадам ЗША. Але нават Вашынгтону не абмінае крытыка з боку праваабаронцаў.

«Злучаныя Штаты адышлі ад сваёй традыцыйнае ролі абаронцы ды ўзору дэмакратыі ва ўмовах рэзкага зніжэння палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў у Амерыцы».

Такая ацэнка Злучаных Штатаў сігналізуе пра сур’ёзны крызіс глабальнае дэмакратыі. Сярод галоўных прычынаў праваабаронцы называюць прыход да ўлады папулістаў і аўтакратаў. Згодна з сёлетнім рапартам, найбольш пунктаў страціла Турцыя, якою кіруе Рэджэп Эрдаган. Статус краіны змяніўся на несвабодны. Адною з пагрозаў дэмакратыі назвалі і Расею.

Каментуе Віціс Юрконіс: «Гэта тая ж самая агрэсія ва Украіне і досыць агрэсіўныя паводзіны з іншымі суседнімі краінамі. Тыя ж самыя тролі ды інфармацыйная вайна. Гэта адчуваюць не толькі ў суседніх краінах, але і ў той самай Еўропе. Ёсць шмат справаздачаў пра ўмяшанне ў розныя выбары, нават у выбары ў ЗША».

А таксама выбары ў краінах Еўразвязу, на якія «Freedom House» таксама кіруе крытычны позірк. Згодна з ацэнкай арганізацыі, крызіс уцекачоў падмацаваў пазіцыю скрайне правых партыяў падчас выбараў у Францыі, Нямеччыне, Нідэрландах і Аўстрыі, што прывяло да пашырэння ксенафобіі ў гэтых краінах.

Выснова праваабаронцаў несуцяшальная: крызіс дэмакратыі закранае ўвесь свет і з кожным годам паглыбляецца.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Таксама ў праграме:

 

Стужка навінаў