Канал «Белсат News» мае 200 тысяч падпісчыкаў на YouTube


Інфаграфіка «Белсат»

Год таму мы цешыліся, што перакрочылі важны парог – 100 тысяч падпісантаў. Сёння маем нагоду паінфармаваць, што ўначы 1 траўня гэтая лічба падвоілася: 200 тысяч асобаў абралі нашыя навіны і канал «Белсат News».

– Супольнасць гледачоў каналу «Белсат News» расце хутка і пастаянна цягам двух гадоў. Гэта таму, што ў нас няма нецікавых праграмаў, – гаворыць Глеб Хамутоў, каардынатар усіх каналаў «Белсату» ў сэрвісе YouTube.

Беларускае тэлебачанне, беларускія праблемы

Галоўная аўдыторыя «Белсат News» – беларусы, бо абсалютная большасць матэрыялаў, што з’яўляюцца на канале, – па-беларуску і звязаныя з Беларуссю.

– Найлепш глядзяцца праграмы, прысвечаныя палітыцы і эканамічнай аналітыцы. На гэтым канале троху менш увагі надаецца сацыяльнай тэматыцы, але калі мы прэзентуем сур’ёзны аналіз сацыяльных праблемаў, ён робіцца папулярны, – кажа Вольга Тарасава, адміністратарка каналу «Белсат News».

На канале можна знайсці навінавыя праграмы «Аб’ектыў», «Белсат Zoom», сатырычную «Суб’ектыў», аналітычную «Размова», а таксама рэпартажы і дакументальныя фільмы.

– «Аб’ектыў» і «Суб’ектыў» – гэта гэдлайнеры, але нельга сказаць, што іншыя праграмы маюць нашмат меншую аўдыторыю, – тлумачыць Глеб Хамутоў. – Усе матэрыялы на канале агулам маюць больш за 150 мільёнаў праглядаў.

Самы папулярны матэрыял на канале – інтэрв’ю «Маёр КДБ уцёк у Швецыю і расказаў сакрэты Лукашэнкі». Гэта відэа, змешчанае 2 гады таму, пабачылі больш як 1,2 мільёнаў асобаў.

– Інтэрв’ю і журналісцкія расследаванні – фармат, які вельмі цікавіць нашых гледачоў ад самага пачатку, – кажа адміністратарка каналу. – Асабліва, калі гэта матэрыялы, што датычаць уладаў Беларусі, карупцыі. Гэтага нельга знайсці ў эфіры іншых беларускіх тэлеканалаў.

Апроч сур’ёзнага кантэнту, на канале знойдзем вельмі папулярны ў Беларусі сатырычны агляд навінаў тыдня «Суб’ектыў». Гэта аўтарскі праект блогера Nexta, адной з самай пазнавальных персонаў беларускага інтэрнэту. Праграма сабрала групу верных фанаў.

Канал для тых, хто хоча ведаць больш

– Статыстычны глядач каналу «Белсат News» не адрозніваецца моцна ад статыстычнага гледача ўсяго тэлеканалу «Белсат». Гэта мужчына з адукацыяй, старэйшы за 35 гадоў, які хоча ведаць, што адбываецца ў Беларусі ды свеце, – кажа Вольга Швед, упаўнаважаная ў развіцці інтэрактыўных медыяў.

Насуперак стэрэатыпам, што існуюць у Беларусі, нас глядзяць не толькі ў правінцыі. Сярод нашых падпісантаў большасць – жыхары вялікіх гарадоў, перадусім Менску.

Самы вялікі YouTube-канал на беларускай мове

«Белсат News» выконвае місію нашага тэлебачання – дае беларусам магчымасць знаёміцца з аб’ектыўнай інфармацыяй на роднай мове.

– Мы найбуйнейшы канал YouTube, які выкарыстоўвае беларускую мову. Іншыя нават не перасягнулі мяжу 100 тысяч падпісчыкаў, – кажа Глеб Хамутоў. – Разам з новымі гледачамі на YouTube мы атрымліваем і новыя магчымасці. Самы папулярны кантэнт у той ці іншай краіне YouTube аўтаматычна прапаноўвае іншым карыстальнікам.

Гэта значыць, што тыя, хто глядзіць «Белсат» на YouTube, атрымліваюць апавяшчэнні на сваіх смартфонах пра нашыя новыя відэа і запрашэнні падпісацца на нас. Такім чынам апублікаваныя матэрыялы часта трапляюць у трэнды YouTube – групы самых папулярных відэа ў той ці іншай краіне.

Дзякуючы гэтаму нашая аўдыторыя павялічылася ўдвая за амаль адзін год – мы адзначылі першыя 100 тысяч падпісчыкаў напярэдадні 1 траўня 2019 года. Тады спатрэбілася чатыры гады інтэнсіўнай працы – цяпер канал настолькі вялікі ды пазнавальны, што аўдыторыя расце сама.

– Апошнім часам бывае, што відэа з трох нашых асноўных каналаў адначасова трапляюць ў трэнды YouTube. І ў розных краінах: Беларусі, Украіне і Казахстане, – кажа Вольга Швед. – Хоць на гледачоў з іншых постсавецкіх краінаў арыентаваны наш расейскамоўны YouTube-канал «Вот Так».

«Белсат» – навіны ў цяжкі час

– Асаблівую папулярнасць мы атрымалі, калі ўспыхнула пандэмія каронавіруса. На працягу месяца ў трэндах YouTube для Беларусі было каля 30 нашых відэа, шэсць-сем адначасова, – распавядае Вольга, адміністратарка каналу.

Больш за 100 тысячаў чалавек штодня праглядалі нашыя вечаровыя навіны. Гэта даказвае, што ў крытычныя моманты беларусы прыходзілі шукаць у нас інфармацыю, якой не кантралююць і не цэнзуруюць улады Беларусі.

– Людзі абіраюць нашыя навіны, бо яны нам вераць больш, чым дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі, – тлумачыць Вольга.

Не толькі беларусам патрэбная праўда

Хоць «Белсат News» – гэта YouTube-канал, які вядзецца пераважна па-беларуску, у яго ёсць гледачы па ўсім рэгіёне. Абсалютная большасць нашых падпісчыкаў жыве ў Беларусі, але ў нас ёсць прыхільнікі ў Расеі, Казахстане, Польшчы і Украіне.

– Гэта невялікі адсотак. Перш за ўсё, мы YouTube-канал для беларусаў, – падкрэслівае Вольга, адміністратарка каналу.

У сувязі з тым, што жыхары іншых постсавецкіх краінаў таксама шукаюць надзейную інфармацыю пра жыццё ў сваіх рэгіёнах, мы стварылі для іх расейскамоўную тэлепраграму «Вот Так», якая мае асобны канал на YouTube. Там, дарэчы, ужо 217 тысяч падпісантаў. А 1 траўня мы запусцілі інфармацыйны партал vot-tak.tv.

***

2 траўня 2018 года канал меў толькі 61 500 падпісчыкаў, праз год – 103 500, цяпер падпісчыкаў ужо больш за 200 тысяч. На цяперашні момант гэта самы папулярны беларускамоўны YouTube-канал

На канале «Белсат News» выкладаецца штодзённая інфармацыйная праграмы «Аб’ектыў», аналітычныя «ПраСвет», «Давайце разбірацца», «Белсат Zoom», «Гарачы каментар», «Размова», а таксама праграма блогера Нехты «Субʼектыў». Акрамя таго, там можна знайсці белсатаўскія дакументальныя фільмы.

Пераважная большасць аўдыторыі канала – гэта жыхары буйных гарадоў і ў першую чаргу Менску. Аднак у «Белсат News» ёсць гледачы і за мяжой – у Расеі, Казахстане, Польшчы і Украіне.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў