Ігар Шуневіч: Добраахвотнікі – вельмі экзальтаваныя асобы, якія маглі б у будучыні прынесці нам бяды


Адносна беларусаў, якія ваююць за мяжою, могуць быць распачатыя крымінальныя справы. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі распавёў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Ён адзначыў, што МУС толькі збірае матэрыялы, а крымінальна пераследуе такіх асобаў Следчы камітэт.

На думку Шуневіча, нядаўнія папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць прыцягваць да адказнасці не толькі за наёмніцтва, але і за ўдзел ва ўзброеных канфліктах у замежжы (арт. 361-3 КК), павысяць узровень бяспекі беларусаў. Міністр унутраных спраў вывучыў біяграфіі гэтых беларусаў і перакананы, што шмат хто з іх – «вельмі экзальтаваныя асобы, якія маглі б у будучыні прынесці нам бяды», паведамляе belta.by.

Раней улады Беларусі ўжо папярэджвалі, што МУС «адпрацуе» ўсіх, хто «прымае ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны», незалежна ад таго, на чыім баку яны ваююць.

Новы артыкул КК дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасці за ўдзел ва ўзброеных канфліктах у іншых краінах нават пры адсутнасці прыкмет наёмніцтва. Ён прадугледжвае і пакаранне за вярбоўку і падрыхтоўку грамадзянаў, фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці. Раней пакараць за ўдзел ва ўзброеных канфліктах у іншых краінах можна было, толькі калі ўдавалася даказаць, што баявік атрымліваў за гэта грошы.

За ўдзел у вайне на Данбасе ўжо асудзілі на пяць гадоў добраахвотніка Тараса Аватарава.

Яшчэ аднаго беларуса, 20-гадовага жыхара Віцебску па мянушцы «Тэрор-Машына», праваахоўнікі затрымалі ў сярэдзіне красавіка ў Менску.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў