Журналісту-фрылансеру Кастусю Жукоўскаму поштай даслалі два адміністратыўных пратаколы за «працу без акрэдытацыі».
Адзін з іх – за сюжэт «Пагоня цяпер – сімвал незалежнасці асобы, а не дзяржавы» – складзены маёрам Уладзімірам Паўловічам з Калінкавіцкага РАУС.
Падобны пратакол поштай даслаў і маёр Аляксандр Марозаў з Кармянскага РАУС. Гэтым разам за сюжэт «Жыхары Кармы без вады з лістападу».
«Я зʼяўляюся індывідуальным прадпрымальнікам, у якасці дзейнасці пазначыў «журналістыку». Працую ў межах закону, магу дасылаць матэрыялы, каму хачу і куды хачу – законам не забаронена», – распавядае Belsat.eu здзіўлены Кастусь Жукоўскі.
Журналіст кажа, што міліцыя топча яго права на працу і хоча пазбавіць яго і ягоных родных кавалку хлеба. Да таго ж і хлусіць, мяркуе Кастусь Жукоўскі:
«Я паведаміў міліцыянту праз тэлефон, што зʼяўляюся індывідуальным прадпрымальнікам і працую як журналіст, але ён указаў, што я не працую».
Зараз Кастусь Жукоўскі задумваецца над тым, каб скасаваць статус ІП, бо у ім «няма сэнсу». Пры гэтым адмаўляецца ад журналісцкай дзейнасці фрылансер не намераны.
Тэлефонная размова Кастуся Жукоўскага з маёрам Уладзімірам Паўловічам:
НМ, belsat.eu