Еўрадэпутат: Брусель чакае ад Менску простых, але канкрэтных крокаў


«Самыя складаныя перамовы – з Дзяржаўнай выбарчай камісіяй», – сцвярджае ў інтэрв’ю Алесю Сілічу Богдан Здраеўскі, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі.

На ягоную думку, нягледзячы на іншыя важныя падзеі ў свеце, такія, як брэкзіт ці анексія Крыму, зацікаўленасць Еўразвязу да Беларусі ўтрымліваецца на досыць высокім узроўні. Перамовы Бруселю з беларускімі міністрамі выглядаюць лепш, чым два гады таму, але рабіць аптымістычныя прагнозы рана. Чаму адчыненыя еўрапейскія дзверы для беларускіх уладаў – усцяж толькі прапанова, а не факт?

Лукашэнку летась ажно двойчы запрашалі ў Еўропу: першы раз на Саміт у Брусель, другі – на святкаванне ўгодках заканчэння Першай Сусветнай вайны ў Парыж, але ён ні разу так і не прыехаў, фактычна праігнараваўшы магчымасць сустрэцца з сусветнымі лідарамі. Пры гэтым ён актыўна сустракаецца ў Менску з прэзідэнтам Азербайджану, зусім нядаўна – Зімбабвэ. Чаму, на ваш погляд, такі «еўраігнор» з ягонага боку?

Я не люблю каментаваць Аляксандр Лукашэнку па простай прычыне: частка ягоных словаў скіраваная толькі для ўнутранага спажыўца, і так да іх трэба ставіцца. А некаторыя заявы, што з’яўляюцца ў міжнароднай прасторы, хутка адкідваюцца, бо кантэкст выглядае зусім інакш, чым бы хацеў сам Аляксандр Лукашэнка. Трэба памятаць і пра мэсіджы ў кірунку Расеі, каб захаваць пэўную незалежнасць. Іншыя мэсіджы – для ўласнага карыстання, каб паказаць уласную сілу, а яшчэ іншыя – для Еўрапейскага Звязу. У залежнасці ад таго, які кантэкст, такая мусіць быць інтэрпрэтацыя.

Апошнім часам Крэмль пачаў моцна ціснуць на Лукашэнку ў справе больш шчыльнай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй. Як рэагуе на гэткую рыторыку Брусель? Ці баіцца расейскіх танкаў у памежным з ЕЗ Берасці?

Важнае тое, што зацікаўленасць удалося ўтрымаць на досыць высокім узроўні. Памятайце, што цягам апошніх чатырох гадоў здарылася шмат падзеяў, якія адцягвалі ўвагу ад Беларусі. Гэта і брэкзіт, і анексія Крыму, і пошук актуальных супольных фінансавых рамак. Краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы дакладна разумеюць геапалітычнае палажэнне Беларусі. Мы як еўрапейцы верым, што Беларусь здольная павялічваць і паглыбляць незалежнасць, развіваць гаспадарку і з павагай ставіцца да правоў тых, хто палітычна думае інакш. Мы дакладна разумеем, што гэта не здарыцца цягам наступных месяцаў, бо вашая краіна не мае такой доўгай традыцыі суверэннасці. Цярплівасць тут патрэбная абодвум бакам, але яшчэ раз падкрэслю, што Брусель не губляе з поля бачання Беларусь.

Як на вашую думку Еўразвязу варта будаваць фармальныя дачыненні з афіцыйным Менскам на сярэднетэрміновую перспектыву прынамсі на гэты год? Ці ёсць у ЕЗ нейкая стратэгія, ці варта чакаць нейкіх зменаў у гэтым пытанні?

Ёсць некалькі добрых прыкладаў у размовах з канкрэтнымі міністрамі. Мае перамовы з міністрам культуры ці гаспадаркі выглядаюць лепш, чым два гады таму, але будаваць на падставе гэтага аптымістычныя прагнозы зарана. Затое на гэтым можна будаваць пэўную перспектыву, хоць і з захаваннем вялікай асцярожнасці. Самыя складаныя перамовы ідуць у нас з Дзяржаўнай выбарчай камісіяй ды з тымі міністэрствамі, якія адказваюць за правы і свабоды грамадзянаў. Еўропа, асабліва Скандынаўскія краіны разлічваюць на ўвядзенне мараторыя на выкананне смяротнага пакарання. Пэўныя простыя і танныя сігналы з беларускага боку маглі бы вельмі добра ўспрыняць тут, у Бруселі. У рэальнасці гэтыя жэсты вельмі сціплыя і рэдкія, але яны ёсць.

Ці варта Еўразвязу працягваць спробу дыялогу з Лукашэнкам? Ці будуць яго зноў і зноў запрашаць у Брусель?

Вельмі шмат будзе залежыць ад новага Парламенту і новай Камісіі. Трэба памятаць, што актыўнасць Парламенту скончыцца напрыканцы красавіка, а новы пачне працаваць ад 1 ліпеня. Я бы хацеў пажадаць, каб у нашых адносінах назіраўся прагрэс, можа не такі хуткі, як бы хацелася, але веру, што ён будзе. Галоўныя дасягненні гэтага Парламенту ў тым, што мы адбудавалі каналы камунікацыі, і ёсць супольнае разуменне важнасці пэўных пытанняў. А ў наступным Парламенце можна будзе зрабіць больш для беларускай супольнасці і тых у Еўропы, хто хоча з вашай краінай супрацоўнічаць.

Наколькі гатовы Брусель цалкам адчыніць дзверы Лукашэнку, якімі прынцыпамі ахвяраваць, і што зробіць ЕЗ у выпадку, калі Расея анексуе Беларусь?

Адчыненыя дзверы для беларускіх уладаў – гэта прапанова, а не факт. За ёй стаяць шмат умоваў ад еўрапейскіх установаў, нават дэлегацыі, якой я кірую. Але мушу падкрэсліць, што рэакцыя на гэтыя чаканні вельмі павольная і стрыманая, з заўважным недаверам і насцярожанасцю, нібыта ўвядзенне рэформаў і зменаў магло бы паставіць пад пагрозу сітуацыю ў Беларусі. Я бы гэтага не баяўся, я бы ўгаворваў беларускія ўлады, кіраўніка, каб гэтыя крокі былі больш заўважныя, і каб іх лепей ацэньвала грамадства і апазіцыя, каб медыі маглі лягчэй працаваць. Калі гэты зварот вернецца ў Брусель з Менску, то еўрапейскія дзверы змогуць адчыніцца шырэй.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Фота: Aleksiej Witwicki / FORUM

Стужка навінаў