Дыпламатычная вайна працягваецца. Расея высылае дыпламатаў


Амбасадар ЗША ў Расеі быў выкліканы ў МЗС, дзе яму паведамілі пра высылку амерыканскіх дыпламатаў. Расею мусяць пакінуць 60 амерыканскіх дыпламатаў, спынена дзейнасць генеральнага консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу. Дыпламатам далі 48 гадзінаў, каб вызваліць будынак.

Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў падчас прэс-канферэнцыі з Генеральным сакратаром ААН па пытаннях Сірыі паведаміў, што Расея ў дачыненні да тых краінаў, якія выслалі расейскіх дыпламатаў, будзе ўжываць меры.

«Яны ўключаюць высылку аналагічнай колькасці амерыканскіх дыпламатаў і наша рашэнне адклікаць згоду на функцыянаванне Генеральнага консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу. У дачыненні да астатніх краін, а менавіта ў тым, што датычыцца колькасці людзей, якія будуць з’язджаць з Расейскай Федэрацыі са складу дыпламатычных місіяў, усё таксама люстэркава», – паведаміў журналістам Лаўроў.

Амерыканцы заявілі, што высылка іх дыпламатаў зʼяўляецца незаконнай і не мае ніякіх юрыдычных падставаў.

«ЗША сумесна з іншымі краінамі прынялі рашэнне выслаць расейскіх шпіёнаў. Мы не лічым гэта дыпламатычнай зваротнай рэакцыяй на гэтую жахлівую атаку на брытанскага грамадзяніна і яго дачку. Яшчэ раз, яны парушылі канвенцыю па хімічнай зброі, яны выкарыстоўвалі забароненае рэчыва «Навічок». Мы сурʼёзна паставіліся да гэтага», – зазначыла Хізэр Ноерт, афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША.

Нагадаем, што на гэтым тыдні ўлады ЗША выслалі 60 расейскіх дыпламатаў. Агулам з розных краінаў выслана 152 дыпламаты. Дыпламатычная вайна развязалася праз атручванне ў брытанскім горадзе Солсбэры былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі.

ГА, belsat.eu паводле РБК. Фота: REUTERS / Mukhtar Kholdorbekov / FORUM

Глядзі таксама
Каментары