Чэшскі прэзідэнт кажа, што ягоная краіна рабіла «Навічок»


Апазіцыйныя чэшскія палітыкі абвінавачваюць Мілаша Зэмана (на здымку) ў распаўсюдзе дэзінфармацыі. Фота – David W Cerny/Reuters

Паводле Мілаша Зэмана, летась невялікая колькасці рэчыва А-230 (тыпу «Навічок») была зробленая, пратэставаная і пазней знішчаная на тэрыторыі Чэхіі – у ваенным даследчым інстытуце ў Брно.

«Чэшскае радыё» падае, што гэткая інфармацыя паступіла Зэману ад вайсковай выведкі. Служба бяспекі і інфармацыі зняпраўдзіла гэтыя звесткі, але Зэман працягвае абапірацца на меркаванне разведчыкаў.

«У нашай краіне вырабілі і пратэставалі рэчыва «Навічок» (хоць і ў малой колькасці), якое потым знішчылі, – заявіў Зэман. – Мы ведаем, дзе і калі гэта адбылося. Крывадушна было б рабіць выгляд, што нічога падобнага не адбылося».

Былы супрацоўнік ГРУ, а пазней – брытанскі выведнік Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі атручаныя нервова-паралітычным рэчывам 4 сакавіка ў горадзе Солсберы ў Вялікай Брытаніі.

Лондан абвінавачвае ў замаху на іх жыццё Расею, але дакладных доказаў гэтага не мае. Масква зняпраўджвае падазрэнні, заяўляючы, што рэчыва імаверна зрабілі на Захадзе. Праверыць, ці не вырабляўся «Навічок» у Чэхіі, Зэман даручыў спецслужбам пасля заяваў расейскіх дыпламатаў аб тым, што краінай паходжання атруты, ад якой пацярпелі Скрыпалі, магла быць Чэхія.

ДД

Глядзі таксама
Каментары