Чаму Расея шукае беларускі след у бельгійскіх тэрактах?


Сапраўды мусульмане, але не тэрарысты. Гэтак кажуць пра сябе браты Доўбашы. Афіцыйна – Аляксей і Іван, а ў сацыяльных сетках – Cулейман і Халід. Абодва даўно жывуць у Бруселі.

Паводле пракрамлёўскага тэлебачання «Лайфньюз», у бельгійскіх тэрактах яны меліся стаць смяротнікамі. Упершыню такая інфармацыя зʼявілася на старонцы тэлеканалу 14 сакавіка. «Лайфньюз» спаслаўся на крыніцы ў спецслужбах. Самыя ж браты зняпраўджваюць сувязь з тэрарыстамі.

«Гэтыя артыкулы – чарговая жоўтая прэса і бяздумныя спробы ўбогіх журналістаў атрымаць чарговую «зорачку». Нас там запісалі ў смяротнікі, пры гэтым нас не шукала паліцыя, нам ніхто нават не тэлефанаваў. Не лічыце дзіўным? Калі мы смяротнікі – чаму мы жывыя цяпер? Калі мы тэрарысты – чаму нас не арыштавалі?», – абураецца Сулейман Доўбаш.

Гэтымі пытаннямі задаецца і Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. У КДБ пацвердзілі, што вядуць праверку адносна братоў Доўбашаў.

«Гэтыя людзі нам вядомыя, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, цяпер праводзіцца праверка аб іхнай магчымай датычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці», – зазначае Дзмітрый Пабяржын, прэс-сакратар КДБ.

Аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў звяртае ўвагу, што інфармацыя пра датычнасць беларусаў да тэракту ў Бруселі зʼявілася толькі ў расейскім сегменце інтэрнэту. На Захадзе да крыніцаў ставяцца больш грунтоўна. На меркаванне журналіста, магчыма, што вядомы «жоўтымі» сюжэтамі «Лайфньюз» чарговы раз імкнецца павысіць свой рэйтынг. Але ёсць і другая версія.

«Вядома аднак што «Лайфньюз» звязаны з расейскімі спецслужбамі. Гэта добра было відаць па іх працы ва Украіне падчас данбаскага канфлікту і раней. І менавіта калі сачыць за развіццём гэтай тэмы, становіцца цікава, чаму і каму выгадна так «падставіць» Беларусь у гэтым выпадку», – мяркуе Віталь Цыганкоў, аглядальнік радыё «Свабода».

У сваю чаргу кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак выказаў меркаванне, што за тэрактам стаяць не беларускія браты, а расейскія спецслужбы.

«Вы хіба ўжо ведаеце, што сёння ў Бруселі былі два выбухі, і, паводле папярэдніх звестак, ёсць 12 ахвяраў. Я не здзіўлюся, калі гэта зʼяўляецца элементам гібрыднай вайны Расеі, хаця будуць ківаць на ІД», – упэўнены Васіль Грыцак.

У адказ на гэта расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў на сваёй старонцы «Фэйсбуку» ужыў недыпламатычную лексіку.

Аднак шмат якія журналісты ў пацверджанне словаў Васіля Грыцака звяртаюць увагу, што выбух у Бельгіі адбыўся акурат у дзень абвешчання выраку Надзеі Саўчанцы. Таму пра расейскую лётчыцу ў еўрапейскіх краінах сёння кажуць менш, чым маглі б. А вутка пракрамлёўскага тэлебачання пра братоў-беларусаў толькі дадала алею ў агонь няспыннай інфармацыйнай вайны.

Марына Вашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў