«Беспрэцэдэнтны крок». Лукашэнка распавёў, навошта павялічвае колькасць памежнікаў


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рашэнне аб павелічэнні штатнай колькасці памежнікаў у Беларусі звязана з задачамі па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі.

Пра гэта кіраўнік краіны сказаў сёння падчас зацвярджэння рашэння па ахове дзяржаўнай мяжы органамі памежнай службы ў 2019 годзе, перадае БелТА.

«З улікам узрастання негатыўных фактараў, звязаных з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай (асабліва зброі), перад Дзяржаўным памежным камітэтам пастаўлена задача павялічыць да неабходнага штатную колькасць. Беспрэцэдэнтны крок, але нацыянальная бяспека – найважнейшы фактар», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка ў сувязі з гэтым запатрабаваў прыняць вычарпальныя меры па павелічэнні і стварэнні новых падраздзяленняў.

«Асабліва пра што мы з вамі дамаўляліся – адраджэнне ці ўзмацненне манеўраных груп. Гэта тыя групы, якія знаходзяцца заўсёды ў рэзерве кіраўнікоў пагранічных атрадаў і ў лічаныя хвіліны вырушаюць на напрамкі верагоднага руху праціўніка, калі там абвастрэнне сітуацыі», – сказаў ён.

Пры гэтым ён адзначыў, што памежная палітыка Беларусі скіравана «не на канфрантацыю з суседнімі дзяржавамі, а на ўмацаванне пояса добрасуседства».

«Не проста на замок наглуха зачыняць мяжу і ствараць праблемы для сваіх грамадзянаў і тых, хто да нас прыязджае, а стварыць спрыяльную зону і ў той жа час адсякаць тых, хто да нас едзе з непажаданымі намерамі. Асабліва гэта важна напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў», – сказаў Лукашэнка.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў