Беларусь можа атрымаць нафтавую кампенсацыю ад Расеі ў памеры на 60-70 млн долараў

У 2020 годзе Расея можа кампенсаваць Беларусі кошт паставак нафты ў межах 60-70 млн долараў. Пра гэта Reuters паведаміў намеснік міністра фінансаў РФ Аляксей Сазанаў.

«Механізм кампенсацыі вырашаецца на высокім узроўні. Ён абмяркоўваецца толькі на 2020 год. Гэта будуць невялікія лічбы, наўрад ці болей за 60-70 мільёнаў долараў у 2020 годзе», – сказаў ён.

У канцы сакавіка Менск і Масква дамовіліся аб цэнаўтварэнні пры пастаўках расейскай нафты ў Беларусь пасля трохмесячнага перапынку. Буйныя расейскія нафтавыя кампаніі знізілі прэмію пры пастаўках нафты ў Беларусь з 12 да 5 долараў за тону на фоне глабальнага падзення коштаў на сыравіну. Пры гэтым беларускія ўлады сцвярджалі, што з красавіка пастаўкі дэ-факта будуць без прэміі, частку прэміі кампенсуе ўрад РФ за кошт міжбюджэтных разлікаў.

***

Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае ануляванне экспартных мытаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС.

Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру 2019-га да 2024 года могуць скласці $ 8–12 млрд. Менск дамагаецца выплаты кампенсацыі з канца 2018 году.

КА belsat.eu

Hавiны