Беларусь просіць у Расеі 1 млрд долараў, але атрымае менш


Беларускі ўрад просіць у Расеі $ 1 млрд, але атрымае, відаць, нашмат менш.

Беларусь дамовілася з Расеяй аб выдзяленні Менску крэдыту ў 2019-м. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, наступная стадыя – заключэнне адпаведнага пагаднення.

«Усё ў парадку, усе рашэнні прынятыя. Пытанне цяпер застаецца ў падрыхтоўцы пагаднення. Але гэта ўжо наступны год», – распавёў Ермаловіч у панядзелак на сустрэчы з журналістамі.

«Нейкіх новых рашэнняў мы не чакаем ні ад расейскіх калегаў, ні са свайго боку», – цытуе Ермаловіча «Інтэрфакс».

Беларускія ўлады звярнуліся да расейскага ўраду з просьбай прадаставіць у 2019 годзе дзяржаўны крэдыт на $ 1 млрд для рэфінансавання часткі вонкавай пазыкі, выплаты па якой складуць налета $ 3,6 млрд.

Аляксандр Лукашэнка па выніках праведзеных у верасні беларуска-расейскіх перамоваў у Сочы заявіў, што Расея не адмаўляецца даваць крэдыт.

«Мы абмяркоўвалі пытанне аб рэфінансаванні доўгу ў $ 1 млрд. Адмовы не было ніякай», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пазней прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас паведаміў, што расейскі бок прапануе рэфінансаваць толькі плацяжы, якія прыпадаюць на адрас самой Расеі ў 2019 годзе.

«Беларускі бок прапануе крэдыт трохі пашырыць і папрасіць Расею рэфінансаваць плацяжы, якія прыпадаюць на карысць Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця», – дадаў кіраўнік урада.

У сваю чаргу міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што Расея гатовая даць дзяржкрэдыт у памеры каля $ 630 млн толькі для рэфінансавання асноўнай пазыкі перад Расеяй.

  • У жніўні Расея спыніла выдачу крэдытаў для Беларусі праз «рознагалоссі паміж па нафце і газу». Масква заклапочаная ростам паставак нафтапрадуктаў у Беларусь, ад якога пакутуе расейскі бюджэт.

ДД

Глядзі таксама
Каментары