Беларусь апусцілася ў сусветным рэйтынгу шчасця


Падраздзяленне ААН у справе пошуку рашэнняў для стабільнага развіцця апублікавала штогадовы даклад «World Happiness Report», у якім падзяліла краіны паводле ўзроўню шчасця.

Пры складанні рэйтынгу даследчыкі ўлічвалі ВУП на душу насельніцтва, сацыяльную падтрымку, чаканую працягласць жыцця, свабоду грамадзян самастойна прымаць жыццёва важныя рашэнні, шчодрасць у дабрачыннасці і стаўленне да карупцыі.

Афіцыйны сцяг Беларус.
Фота: Natalia Fedosenko/TASS/Forum

Беларусь у спісе заняла 81-е месца – паміж Малазіяй і Грэцыяй. У мінулагоднім рэйтынгу беларусы былі на 73-й пазіцыі.

Самымі шчаслівымі краінамі прызнаныя скандынаўскія Фінляндыя, Данія, Нарвегія, Ісландыя, а таксама Нідэрланды. Апроч іх, у топ-10 рэйтынгу ўвайшлі Швейцарыя, Швецыя, Новая Зеландыя, Канада і Аўстрыя.

Сярод суседніх з Беларуссю краін, Польшча змясцілася на 40-ым радку спісу, а Літва – на 41-ым. Таксама нашу краіну абагналі Латвія і Расея, якія занялі адпаведна 53-ую і 68-ую пазіцыі. Абагналі беларусы па ўзроўні шчасця толькі ўкраінцаў – у іх 133-ае месца.

Агулам у рэйтынг увайшлі 156 дзяржаў. Самымі нешчаслівымі прызнаныя Руанда, Танзанія, Афганістан, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка і завяршае спіс Паўднёвы Судан.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў