Сакратар Савету бяспекі Станіслаў Зась сустрэўся ў Варшаве з дарадцам Дональда Трампа, а таксама кіраўнікамі ведамстваў нацыянальнай бяспекі Польшчы і Украіны.
Джон Болтан, дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы, увечары суботы размясціў у «Тўітэры» здымак сустрэчы ў Варшаве са старшынём Савету бяспекі Беларусі Станіславам Засем, старшынём Савету бяспекі і абароны Украіны Аляксандрам Данілюком і кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Паўлам Солахам.
«Я вельмі рады распачаць размову з маімі польскімі, украінскімі і беларускімі калегамі ў Варшаве сёння. Мы падзяляем агульныя праблемы з нагоды стабільнасці ў рэгіёне і імкнемся да ўмацавання суверэнітэту і бяспекі нашых краінаў», – паведаміў Джон Болтан.
«Давайце з пятай спробы здагадаемся, бяспеку ад каго можна захаваць ЗША, Украіна, Польшча і Беларусь. Можаце, ад Літвы?» – іранізуе ў «Тэлеграме» палітычны аглядальнік Антон Шрайбман.
30 жніўня кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павэл Солах сустрэўся са Станіславам Засем, а таксама віцэ-міністрам замежных справаў Беларусі Алегам Краўчанкам і амбасадарам нашай краіны ў Польшчы Ўладзімірам Чушавым.
Згодна з паведамленнем польскага ведамства, размовы датычылі пытанняў двухбаковых дачыненняў і рэгіянальнай сітуацыі бяспекі.
У чацвер Джон Болтан наведаў Беларусь. Візіту амерыканскага чыноўніка падобнага рангу ў нашую краіну не было больш за 25 гадоў.
ДД belsat.eu