Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што ўзмацненне мер кантролю на расейска-беларускай мяжы звязанае з пагрозамі міжнароднага тэрарызму.
«Адкрытая мяжа паміж Беларуссю і Расеяй можа быць часткова выкарыстаная ІДІЛ, у прыватнасці з улікам таго бязвізавага рэжыму, які абвешчаны ў Беларусі для грамадзянаў 80 краін, – цытуе Сурыкава БелаПАН. – У сувязі з гэтым мы былі вымушаныя перавесці ў міжнародныя тэрміналы рэйсы з Менску. Пасажыры гэтых рэйсаў праходзяць праз памежны кантроль, дзе паказваюць пашпарт. У беларусаў і расейцаў толькі скануецца пашпарт – і праходзь, калі ласка. Грамадзянін трэцяй краіны – з усімі наступствамі: пашпарт, візы».
На пытанне, чаму толькі цяпер у Расеі ўзніклі асцярогі наконт кантролю з боку беларускіх памежнікаў, Сурыкаў адказаў:
«Грамадзянаў жа шмат едзе. Не ведаю нават, колькі іх з Украіны ў Беларусь і потым у Расею едзе. А Украіна ўвайшла ў бязвізавы рэжым з Еўропай. З Грузіі, у якой таксама бязвізавы рэжым, невядома колькі едуць. А мы ведаем, што такое Панкійская цясніна сёння на тэрыторыі Грузіі, якая трэніруе баевікоў чачэнскага і арабскага паходжання. З улікам пашырэння супрацьстаяння ўсіх краін супраць тэрарызму, мы мусім перастрахоўвацца, таму што пачасціліся тэрарыстычныя акты не толькі ў Еўропе, але і ў Расеі».
Сурыкаў адзначыў, што гэта не пытанне недаверу да беларускіх памежнікаў, а неабходнасць прыняцця дадатковых мер.
«Беларусь меншы ўдзел бярэ ў барацьбе супраць тэрарызму. На жаль, Расеі больш дастаецца. Таму лепш падзьмуць на ваду, чым атрымаць непрыемнасці. Лепш перастрахавацца, чым недастрахавацца, але – без крыўды для грамадзянаў Расеі і Беларусі», – дадаў амбасадар РФ.
ІІ, belsat.eu