Банцэр адбываў свой тэрмін на «хіміі» у папраўчай установе адкрытага тыпу №9 у Віцебску. Аднак адміністрацыя вырашыла, што за неаднаразовыя парушэнні рэжыму пакараць музыку трэба больш жорстка.
29 верасня суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць Банцэра ў калонію агульнага рэжыму. Палітвязня абвінавачвалі ў шасцікротным парушэнні рэжыму папраўчай установы. Цяпер Банцэр знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА.
У інтэрв’ю «Белсату» напярэдадні суда Банцэр казаў, што не разлічвае на паблажлівасць суду і ўспрымае яго як фармальнасць.
Напярэдадні музыка 40 дзён правёў у карцары, дзе трымаў 19-дзённае галадаванне на знак пратэсту. У карцар Банцэра адправілі за тое, што ён спазніўся на некалькі хвілін пасля каманды «адбой». Тэрмін знаходжання ў карцары палітвязню працягвалі за тое, што ён нібыта не галіўся, не прыбіраўся ці сварыўся з міліцыянтам. Паводле Банцэра, так на яго ціснулі, каб ён напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
Пасля галадавання Банцэр кепска сябе адчуваў, але медыцынскую дапамогу яму не аказалі.
Ігару Банцэру 41 год. Ён жыве ў Горадні, вядомы як панк-музыка, гарадскі актывіст, удзельнік анархісцкага і антыфашысцкага рухаў. Некалі быў прэс-сакратаром Саюзу палякаў Беларусі. З’яўляецца мужам Анжэлікі Арэхва – старшыні Вярхоўнай Рады Саюзу палякаў Беларусі. Пара выхоўвае дваіх малых дзяцей.
Ігара Банцэра пакаралі «хіміяй» з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на паўтары гады за вулічны перформанс – танец без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем пасля прэзідэнцкіх выбараў. Беларускія праваабаронцы прызналі Банцэра палітвязнем.
ГГ, belsat.eu