АМАП разагнаў імпрэзу адвакатаў


Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Леся Пчолка

Сілавікі наляцелі на сустрэчу адвакатаў, якіх дзяржаўныя інстытуты пазбавілі ліцэнзіі, паведамляе «Наша Ніва».

Здарэнне адбылося 26 сакавіка на вуліцы Чырвонай у Менску, дзе размяшчаюцца некалькі юрыдычных кансультацыяў.

У адной з юрыдычных кансультацыяў сустрэліся адвакаты, каб развітацца з пазбаўленымі ліцэнзіі калегамі. Праз паўгадзіны прыехаў АМАП, затрымаў удзельнікаў сустрэчы і адвёз іх у РУУС, а пасля на медычную экспертызу.

На тых, хто быў выпіўшы, склалі пратаколы паводле артыкулу 19.3 КаАП («Распіццё алкагольных напояў на працоўным месцы») і адпусцілі. Тых, хто не выпіваў, адпусцілі без пратаколу.

На думку адвакатаў, такі хуткі прыезд міліцыі можа азначаць, што офісы адвакацкіх кансультацыяў праслухоўваюцца ў рэжыме рэальнага часу.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў