Лукашэнка і Пуцін сустрэліся трэці раз з пачатку году. Размаўлялі 5 гадзінаў, вынікаў не агучылі


Днём 28 траўня Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у расейскі Сочы, дзе мае правесці трэція з пачатку года перамовы з Уладзімірам Пуціным. Журналістам паказалі толькі некалькі хвілінаў пачатку сустрэчы, а вынікаў перамоваў не абвяшчалі – сустрэча ад пачатку не прадугледжвала выхаду да прэсы пасля перамоваў.

Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас перамоваў. Сочы, Расея, 28 траўня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Сустрэча пачалася каля 18-й гадзіны і цягнулася 5 гадзінаў 15 хвілінаў.

Перад сустрэчай расейскі бок заявіў, што распытае пра затрыманне ў Беларусі Соф’і Сапегі, аднак падчас адкрытай часткі перамоваў яе імя не гучала.

За сем хвілінаў размоваў, што апублікавала прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, ён сказаў, што:

  • прывёз Пуціну партфель дакументаў пра «тое, што адбываецца» адносна «ахвочых падкінуць нам праблемаў»;
  • частыя сустрэчы з Пуціным планавыя – так і дамаўляліся раней;
  • «Белавія» ратавала тысячы чалавек з курортаў, дзе яны засталіся без магчымасці вярнуцца дамоў праз каронавірусныя абмежаванні, а цяпер кампанія пацярпела, хоць не была датычнай да інцыдэнту з захопам самалёта «Ryanair»;
  • таваразварот між Беларуссю і Расеяй мае вярнуцца да аб’ёмаў, што былі перад пандэміяй, і нават перавысіць яго ў гэтым годзе.

Уладзімір Пуцін:

  • заявіў адносна апошніх падзеяў вакол Беларусі («чарговага ўсплёску эмоцыяў»), што «нам і без гэтых падзеяў ёсць пра што паразмаўляць»;
  • анансаваў, што ўжо ў чэрвені будзе здадзены ў прамысловую эксплуатацыю першы энергаблок БелАЭС;
  • сказаў, што ў працы з «саюзнай дзяржавай» «пытанне ў тым, каб рабіць усё паслядоўна, неяспешна, не забягаць наперад, а дзейнічаць паэтапна»;
  • згадаў інцыдэнт 2013 года з самалётам прэзідэнта Балівіі – «і нічога, цішыня»;
  • запрасіў Лукашэнку купацца ў моры.
ПраСвет
Чаму Лукашэнка неймаверна раздражняе Пуціна? «Прасвет» з Алінаю Коўшык
2021.05.28 15:20

Выпадак з самалётам прэзідэнта Балівіі цяпер часта згадвае беларуская прапаганда. 1 ліпеня 2013 года самалёт прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса вяртаўся з Масквы, але яго не прапусцілі ў паветраную прастору Італіі, Іспаніі і Францыі і не далі дазаправіцца ў Лісабоне праз паведамленне аб тым, што на борце быў абвешчаны ў міжнародны вышук былы супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн. Самалёту далі прызямліцца ў Аўстрыі. Аўстрыйскі бок сцвярджаў, што самалёт даглядалі, аднак балівійскі бок адмаўляў гэта. Праз 14 гадзінаў самалёт вылецеў з Аўстрыі і паспяхова даляцеў. Францыя, Іспанія, Італія і Партугалія выбачаліся перад Балівіяй. У інцыдэнце не фігуравалі фальшывыя паведамленні пра бомбу, у сувязі з інцыдэнтам не ўздымалі самалёты-знішчальнікі, а па выніках нікога не затрымалі.

Лукашэнка згадаў і выпадак, калі ў 2012 годзе Турэччына пасадзіла сірыйскі пасажырскі самалёт пад канвоем вайсковых самалётаў. Інцыдэнт адбываўся падчас абстрэлаў на сірыйска-турэцкай мяжы. Самалёт ляцеў з Масквы – Турэччына западозрыла, што на ім вязуць вайсковыя грузы. У выніку Турэччына заявіла, што канфіскавала з самалёта вайсковае камунікацыйнае абсталяванне, людзей не затрымлівалі.

Сустрэча праходзіла ў тым жа інтэр’еры, што і перамовы ў мінулым верасні – на вельмі нізкіх фатэлях. Няёмкая поза Лукашэнкі выклікала пасля тых перамоваў хвалю жартаў і разважанні аналітыкаў пра «мову цела» Лукашэнкі і Пуціна.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы, 14 верасня 2020 года. Скрыншот відэа: «Пул первого» / Telegram
Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас перамоваў. Сочы, Расея, 28 траўня 2021 года. Скрыншот відэа: «Пул первого» / Telegram

АА belsat.eu

Стужка навінаў