Журналістку Аліну Скрабунову будуць судзіць за інтэрв'ю «Белсату»


Аліна Скрабунова. Скрыншот з праграмы «Аб’ектыў». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

На магілёўскую журналістку Аліну Скрабунову міліцыянты склалі адміністратыўны пратакол, палічыўшы за прадукцыю СМІ ейнае інтэрвʼю «Белсату» пасля ператрусу ў кватэры, паведамляе БАЖ.

У дачыненні журналісткі распачаты адміністратыўны працэс не за журналісцкую дзейнасць, а за каментар у выданні навінаў тэлеканалу.

Суддзя Кастрычніцкага раённага суда Магілёва Вольга Краўчанка прыняла да разгляду пратакол, складзены маёрам міліцыі Васілём Карніенкам. Да гэтага суддзя адправіла на дапрацоўванне аналагічны пратакол гэтага ж міліцыянта, бо Карніенка не ўказаў наймення прадукцыі СМІ, якую нібыта незаконна вырабіла Скрабунова.

Суддзю не збянтэжыла, што «правапарушальніца» адсутнічала пры складанні пратаколу і ёй ніяк не растлумачылі ейных правоў. Не было ў пратаколе і даты «правапарушэння» Скрабуновой.

У інтэрвʼю, якое доўжылася каля хвіліны, Скрабунова распавяла пра ператрус, учынены міліцыянтамі ў ейнай кватэры 5 сакавіка. Тады пасля агляду жытла ў Аліны забралі ўсю тэхніку: сістэмны блок кампʼютара, два ноўтбукі, дзве відэакамеры, тэлефоны, флэшкі ды іншае. Ніякіх папераў, у тым ліку пратаколу выняцця тэхнікі, міліцыянты журналістцы не пакінулі.

Судовае паседжанне Краўчанка прызначыла на 31 сакавіка, будуць разглядаць каментар Скрабуновай.З 7 сакавіка 2021 года Аліна Скрабунова – за межамі Беларусі. Нягледзячы на гэта, магілёўскія праваахоўнікі не спыняюць ейнага пераследу.

Толькі за сакавік журналістку аштрафавалі 10 разоў за незаконны выраб прадукцыі СМІ (ч. 3 арт. 23.5 КаАП РБ) на агульную суму 7540 рублёў.

Hавiны
«Прыйшлі на «агляд», забралі ўсё, што знайшлі»: магілёўскіх журналістаў пакінулі без тэхнікі
2021.02.06 20:56

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў