Дзяржсакратар ЗША: Санкцыі супраць Беларусі захаваюцца, пакуль не вызваляць усіх палітвязняў


Неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў заклікаў улады Беларусі Дзяржаўны дэпартамент ЗША. Адпаведную заяву, падпісаную дзяржаўным сакратаром Энтані Блінкенам, апублікавалі на сайце ведамства 27 студзеня.

Энтані Блінкен.
Фота: Mark Makela / Getty Images

Дзярждэпартамент ЗША нагадвае: паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, на дзень 27 студзеня ў месцах зняволення застаюцца больш за 1000 палітвязняў.

«Злучаныя Штаты зноў заклікаюць неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, прызнаючы гэта як неабходны крок Беларусі для пераадолення палітычнага крызісу. Мы працягнем дабівацца правасуддзя для ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і адказнасці для парушальнікаў», – гаворыцца ў заяве.

ЗША заклікае Беларусь выконваць узятыя на сябе абавязкі як дзяржавы – удзельніцы Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе ды міжнародныя прававыя абавязкі ў абароне правоў і асноўных свабодаў чалавека.

Артыкулы
Зняволенага праваабаронцу Леаніда Судаленку этапавалі ў калонію
2022.01.27 14:14

«Мы падтрымліваем народ Беларусі, які імкнецца да будучыні, заснаванай на вяршэнстве закону і адказным дэмакратычным дзяржаўным кіраванні», – паведамляецца ў заяве дзяржсакратара ЗША.

«Са жніўня 2020 года ЗША ў каардынацыі з саюзнікамі і партнёрамі ўвялі пяць блокаў санкцыяў супраць афіцыйных асобаў і прыхільнікаў жорсткага рэжыму Лукашэнкі. Гэтыя санкцыі захаваюцца, пакуль улады не спыняць безупынна рэпрэсаваць беларускі народ, у тым ліку вызваліўшы без усялякіх умоваў усіх палітычных зняволеных», – дадае Энтані Блінкен.

Нагадаем, што 27 студзеня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ 12 чалавек. Колькасць палітвязняў у Беларусі складае 1007 чалавек.

Артыкулы
У Беларусі – 1007 палітвязняў, але спіс будзе павялічвацца. Размова з юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна»
2022.01.27 11:50

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў