Марыю Калеснікаву ўганаравалі прэміяй Вацлава Гавэла


Прэмію за яе атрымала сястра – сама Калеснікава ў няволі ў Беларусі, бо адмовілася ад прымусовай дэпартацыі пасля выкрадання і нават парвала на мяжы пашпарт.

Таццяна Хоміч атрымлівае за сястру, Марыю Калеснікаву, Прэмію імя Вацлава Гавэла ў галіне правоў чалавека. Рада Еўропы, Страсбур, Францыя. 27 верасня 2021 года.
Фота: pace.coe.int

Беларуская апазіцыйная лідарка, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады і палітычная зняволеная Марыя Калеснікава ўганараваная Прэміяй імя Вацлава Гавэла ў галіне правоў чалавека. На адмысловай цырымоніі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы 27 верасня ў Страсбуры ўзнагароду за яе атрымала сястра Таццяна Хоміч.

У аповедзе пра прэмію ПАРЕ адзначае, што Калеснікава стала адной з трох жанчын – сімвалаў беларускай апазіцыі і змагання беларускага народу за грамадзянскія і палітычныя свабоды, фундаментальныя правы.

Марыю Калеснікаву выкралі ў Менску 7 верасня 2020 года, спрабавалі гвалтоўна вывезці ва Украіну, але яна не дала выдварыць сябе і парвала на мяжы пашпарт. На наступны дзень яе змясцілі ў СІЗА, праз год асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Артыкулы
Нашыя героі і пакутнікі: 10 найбольш цяжкіх прысудаў па палітычных справах
2021.09.09 16:53

Прэзідэнт ПАРЕ Рык Дамс на цырымоніі казаў, што Калеснікава «паказала, што гатовая рызыкнуць уласнай бяспекай дзеля мэты, большай за яе саму – паказала сапраўдную адвагу».

«Гэтая ўзнагарода – знак салідарнасці ўсяго дэмакратычнага свету з народам Беларусі. Гэта таксама знак для нас, беларусаў, што міжнародная супольнасць падтрымлівае нас і што мы на правільным шляху», – сказала сястра Калеснікавай на цырымоніі ў ПАРЕ.

Артыкулы
Цытавала Бахарэвіча па-беларуску, казала пра маральны выбар і сумленне. Апошняе слова Калеснікавай
2021.09.02 21:55

Прэмія прадугледжвае грашовы прыз € 60 000. Разам з Калеснікавай на прэмію прэтэндавалі міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» і праваабаронца з Бурундзі Жэрмэн Рукукі (Germain Rukuki).

Калеснікава – другі чалавек з Беларусі, які атрымлівае гэтую ўзнагароду. У 2013 годзе Прэміяй імя Вацлава Гавэла ўганаравалі заснавальніка і старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. На сёння Бяляцкі, як і Калеснікава, за кратамі з палітычных матываў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў