Сустрэліся ў аўтазаку і пасябравалі ў лістах. Гісторыя Дашы Чульцовай і Максіма


Даша Чульцова сустрэлася з Максімам у аўтазаку, калі яе і Кацю Андрэеву затрымалі ў кватэры на плошчы Пераменаў 15 лістапада.

Максіма з сябрам таксама затрымалі на плошчы Пераменаў. Іх разам адвезлі ў РУУС. Пасля РУУС Даша апынулася за кратамі. А Максіма адпусцілі – міліцыянты сказалі, што месцаў у ІЧУ няма. Ужо з медыяў Максім даведаўся, за што ўзялі Дашу. Знайшоў нумар ейнай мамы і патэлефанаваў, каб падтрымаць словамі.

«А там пайшло і паехала», – кажа Максім. Хлопец пачаў дапамагаць маці з перадачамі і пісаць Дашы лісты ў турму. У Дашы і Максіма завязалася перапіска. Максім паказаў «Белсату» лісты ад Дашы. Лісты Максіма покуль яшчэ за кратамі.

Ліст Дашы Чульцовай з турмы. Гомель, Беларусь. Фота прадстаўлена рэдакцыі сябрам Максімам

Напярэдадні 8 сакавіка Даша папрасіла Максіма павіншаваць маму са святам.

«Прывітанне, Максім! Пішу табе з просьбай! Не думала, што буду прасіць, але вельмі хочацца парадаваць маму.

Ці можна неяк перадаць маме букет ад мяне. Можа, ёсць магчымасць купіць невялікі і павіншаваць яе з 8-м сакавіка».

Ліст Дашы Чульцовай з турмы. Гомель, Беларусь. Фота прадстаўлена рэдакцыі сябрам Максімам.

Максім адправіў жанчыне 15 белых цюльпанаў, так Даша змагла парадаваць сваю маці. Даша ж распавяла аб кветках, якія любіць яна. І пра што марыць яшчэ.

«Адказваю на пытанне аб кветках. Я люблю півоні.

Я часам задумвалася пра тое, каб скокнуць з парашутам, глядзела відэа. Я і на самалёце ніколі не лётала. Не магу ўявіць сабе гэтых адчуванняў».

Ліст Дашы Чульцовай з турмы. Гомель, Беларусь. Фота прадстаўлена рэдакцыі сябрам Максімам.

Але Даша знайшла спосаб перадаць кветкі і Максіму – яна намалявала іх на паперы.

Ліст Дашы Чульцовай з турмы. Гомель, Беларусь. Фота прадстаўлена рэдакцыі сябрам Максімам.

Даша распавядае, пра што сёння ейны клопат, і піша, як важныя для вязняў лісты.

«Я ўсе сілы марную на тое, каб не хварэць.



Дзякуй за вітаміны! І я рада, што ты ў парадку, як і ўсё…»

Ліст Дашы Чульцовай з турмы. Гомель, Беларусь. Фота прадстаўлена рэдакцыі сябрам Максімам.

«Мы прачынаемся, снедаем, потым умываемся, снедаем, пасля 8 пачынаецца: «Дзе нашыя лісты?» Гэта рытарычнае пытанне, але з ім мы жывём штодня. Нам прыносяць лісты 2 разы на гадзіну. Яны вельмі важныя! Бачыў бы ты нашыя задаволеныя твары, калі ўручаюць капэрты

. Іх ужо поўны завал, але ўсё роўна так крута бачыць усе гэтыя незнаёмыя, а часам і знаёмыя імёны. І адразу хочацца абняць усіх гэтых людзей і сказаць: «Дзякуй».

 

Ліст Дашы Чульцовай з турмы. Гомель, Беларусь. Фота прадстаўлена рэдакцыі сябрам Максімам.

«Паштоўка для цябе, як падзяка за ўсё, што ты робіш!

Дзякуй, што падтрымліваеш маю маму! Мне стала спакайней, калі яна распавяла, што ты размаўляеш з ёй і пасля ёй становіцца неяк лягчэй».

Ліст Дашы Чульцовай з турмы. Гомель, Беларусь. Фота прадстаўлена рэдакцыі сябрам Максімам.

«Я б зараз пасядзела ў Instagram! А калі я буду побач з блізкімі, мы з табой сфатаграфуемся, выкладзем і напішам любы тэкст. Павінны ж людзі ўбачыць чалавека, які мяне так падтрымлівае 🙂

Усё, чакаю адказ.

P. S: А мой скок [з парашутам] ты класна намаляваў!»

Ліст Дашы Чульцовай з турмы. Гомель, Беларусь. Фота прадстаўлена рэдакцыі сябрам Максімам.

Лісты для зняволеных – магчымасць даведацца пра тое, што адбываецца на волі, адчуць падтрыманне. Ліст – гэта падзея, бо ў турме не адбываецца нічога. Пісаць можна пра што заўгодна. Вязням важна не губляць адчування свабоды, якая складаецца з дробязяў, як рэальнае жыццё. Раскажыце пра сябе, пра тое, што вы бачылі, дзе былі і што адбываецца вакол вас.

Калі вы хочаце атрымаць адказ, укладзіце ў ліст пусты канверт і маркі.

Напісаць Дашы Чульцовай ліст: ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель.

Аліса Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў