Літва абвінаваціла беларускіх памежнікаў у ігнараванні парушальнікаў


Памежнікі працягваюць затрымліваць мігрантаў, якія незаконна пераходзяць мяжу Літвы з беларускага боку. Літоўцы заяўляюць, што беларускія памежнікі іхнай працы не спрыяюць.

Людзі стаяць каля літоўскай мяжы на беларускім боку – літоўскія памежнікі заявілі, што гэта патэнцыйныя парушальнікі, на якіх не адрэагаваў беларускі бок. 27 ліпеня 2021 года.
Фота: pasienis.lt

За 26 ліпеня і раніцу 27-га літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 110 чалавек, якія незаконна мінулі мяжу з беларускага боку. 93 асобы назваліся грамадзянамі Іраку або мелі адпаведныя дакументы.

Толькі за ліпень літоўцы затрымалі на беларускай мяжы 2180 мігрантаў, з пачатку года – 2839, што ў 35 разоў больш, чым за цэлы 2020 год.

«Паўтараецца сітуацыя, калі літоўскія памежнікі спыняюць праход у краіну мігрантаў, якія сядзяць па некалькі гадзінаў проста каля лініі мяжы з беларускага боку і чакаюць, – піша Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. – Нават пасля шматлікіх паведамленняў, атрыманых з Літвы, чыноўнікі краіны [Беларусі] не «бачаць» і не рэагуюць на такіх мігрантаў».

Паводле літоўскага ведамства, адзін з выпадкаў быў такі. Каля 2:30 ночы 27 ліпеня памежнікі са Швянчоніса (Свянцянаў) заўважылі трох мужчынаў і жанчыну, якія падышлі да мяжы з беларускага боку, а, пабачыўшы памежнікаў, проста селі на зямлю і сталі чакаць. Літоўцы паведамілі пра патэнцыйных парушальнікаў беларускаму боку, але рэакцыі не было нават пасля шостага такога паведамлення. Да 6-й раніцы патэнцыйныя парушальнікі адыходзілі і падыходзілі да мяжы.

Такія выпадкі, сцвярджае літоўскі бок, фіксуюцца пастаянна.

Hавiны
У Літве мігранты ўчынілі бунт, патрабуючы іх выпусціць
2021.07.26 22:36

Калючы дрот не спыняе, але затрымлівае мігрантаў

Літва ўзмацніла ахову мяжы і нават усталявала калючы дрот на адцінках агульнай працягласцю 5 км, плануе ўсталяваць яшчэ на 20 км.

Але, піша «Delfi», ужо зафіксавалі тры выпадкі, калі мігранты перабраліся праз калючы дрот. Пакуль яны пералазілі, паспелі пад’ехаць памежнікі, затрымалі парушальнікаў. Яны назваліся грамадзянамі Камеруну, Конга і Гвінеі, але дакументаў пры сабе не мелі. Тыдзень таму і два тыдні таму былі падобныя выпадкі з адпаведна пяццю іракцамі і чатырма нігерыйцамі.

Hавiны
Да ўзброеных мігрантаў гатовыя. У Літве затрымалі яшчэ 133 мігрантаў на мяжы з Беларуссю
2021.07.25 10:37

АА belsat.eu

Стужка навінаў