Здзекаў і катаванняў не вытрымала: пенсіянерка з Рэчыцы ў чаканні суда за абразу міліцыянта напісала перадсмяротны ліст


Людміла Хлусевіч.
Фота: Белсат

65-гадовую Людмілу Хлусевіч будуць судзіць за абразлівы каментар пад допісам пра міліцыянта з Вялейкі. За апошнія паўгода пенсіянерка перажыла ператрус, каля 10 допытаў, правяранне ў адной крымінальнай справе і абвінавачанне ў другой.

Шэсць месяцаў жанчына з анкалагічнаю хваробаю (лейкоз) застаецца ў стрэсе. Праз гэта бяссонне, трывожнасць, гіпертанічныя крызы і панічныя атакі сталіся ейнымі штодзённымі спадарожнікамі. Жанчына схуднела на 9 кілаграмаў, з’явіліся думкі пра самагубства.

«Яны мяне зусім даканалі, – кажа пенсіянерка. – Калі быў ператрус у кватэры 19 траўня, у мяне ціск быў 210. Я прасіла выклікаць мне хуткую. У іх няма шкадавання ні да кога. У яго ж маці гэткага, як я, узросту. У пастарунку таксама па 5 гадзінаў сядзела на допытах з маймі нервамі і з маім здароўем. Яны мне скароцяць жыццё. Ну, вінаватая я, на эмоцыях напісала тое абразлівае слова. Ужо лепш бы мяне расстралялі, чым гэтак мучыць».

Людміла Хлусевіч.
Фота: Белсат

Першы раз да спадарыні Людмілы прыйшлі следчыя сёлета 14 студзеня, забралі ў пастарунак, дзе 4 гадзіны дапытвалі ў межах крымінальнай справы за абразу міліцыянта ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Пад здымкам сілавіка, які, на думку аўтара допісу, збіваў пратэстоўцаў на Акрэсціна, жанчына напісала каментар: «Шалёных сабакаў трэба адстрэльваць». Спадарыня Людміла цалкам прызнала сваю віну і нават пагадзілася запісаць пакаяльнае відэа з прабачэннямі на адрас міліцыянта. Некалькі месяцаў доўжылася правяранне, па якім крымінальнае справы супраць пенсіянеркі не распачалі.

Перажыўшы моцна стрэс, Людміла ўздыхнула з палёгкаю, але ейная радасць была заўчаснаю.

Пастанова Следчага камітэту.
Фота: Белсат

Пры канцы красавіка ў дачыненні яе следчыя зноў пачынаюць правяранне і распачынаюць крымінальную справу паводле арт. 369 КК РБ («Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў»). Жанчыну вінавацяць у іншым каментары ў «Одноклассниках» пад фота міліцыянта з Вялейкі, які таксама нібыта збіваў пратэстоўцаў. Усхваляваная звесткамі пра збіццё людзей, яна пакінула каментар: «Тварына».

«Калі ўбачыла відэа, як міліцыя пасля выбараў біла гэтых няшчасных дзяцей, я ўсё гэта прапускала праз сваё сэрца і душу. Я ўяўляла: калі гэта майго сына тамака забілі ці збілі… Я плакала ўвесь час і спаць не магла праз той гвалт, што чыніла міліцыя. І вось на эмоцыях і на нервах я напісала такі каментар пад чужым допісам», – са слязьмі на вачах кажа Людміла Хлусевіч.

У чаканні суда жанчына напісала цыдулку на выпадак сваёй заўчаснай смерці:

«Вінаватай у маёй смерці прашу лічыць дзяржаву. Так больш жыць не магу. Маё здароўе і жыццё давялі да смерці. Я была хворая, яны пагоршылі мой стан. Дажыла да пенсіі, такіх здзекаў і катаванняў не вытрымала. Жыла сумленна, не крала, не забівала. Мяне забілі, давялі да смерці. Хай усе даведаюцца: мае блізкія, знаёмыя, родныя і сябры».

Перадсмяротны ліст Людмілы Хлусевіч.
Фота: Белсат

Арт. 369 КК РБ прадугледжвае пакаранні: штраф, грамадскія працы, пазбаўленне або абмежаванне свабоды. Жанчына перакананая, што з ейным станам здароўя яна не перажыве арышту, а выплаты з мізэрнай пенсіі вялізарнага штрафу прымусяць яе галадаваць (пенсіянерка атрымлівае 340 рублёў).

Пасля выбараў праз гэты артыкул у Беларусі распачалі сотні крымінальных справаў. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», паводле гэтага артыкулу былі пакараныя не менш за 600 асобаў. Пераважная большасць абвінавачаных атрымлівае «хімію».

Hавiны
Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў
2021.05.26 19:55
Hавiны
Скончыў курсы праграмавання, добра зарабляў. Што вядома пра хлопца, які выкінуўся з 16-га паверха праз пераслед СК
2021.05.26 18:55
  • Шмат хто з нашых чытачоў звярнуліся сёння з пытаннем, як можна падтрымаць Людмілу Хлусевіч з Рэчыцы, якая сутыкнулася з ціскам з боку сілавых структураў. Лісты і паштоўкі можна пісаць на адрас: 247483 Гомельская вобласць, г. Рэчыца, вул. Інтэрнацыянальная, д. 3 кв.13. Хлусевіч Людміла Віктараўна
  • Таксама спадарыню Людмілу можна падтрымаць фінансава, адправіць перавод на карту Беларусбанку:

    6711 7600 2420 7108 INSTANT CARD карта да 07/23

Ганна Кавальчук, фота аўтаркі belsat.eu

Стужка навінаў