Святлана Ціханоўская ў Аўстрыі: «Вельмі плённая сустрэча з прэзідэнтам»


Святлана Ціханоўская – у Аўстрыі, дзе 2 гады таму прымалі Аляксандра Лукашэнку і віталі кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея. Тым не менш Аўстрыя лічыць дзейныя ўлады ў Беларусі нелегітымнымі і будзе дапамагаць той частцы беларускага народу, якая імкнецца да пераменаў – распавяла «Белсату» спадарыня Святлана.

– Святлана, з якім настроем вы пачынаеце свой ужо другі сёлета еўрапейскі тур?

– З баявым настроем. Мы ведаем, куды ідзём, чаго хочам, і транслюем на міжнародным узроўні патрэбы ўсяго беларускага народу.

– Сёння, 27 красавіка, у вас адбылася сустрэча з прэзідэнтам Аўстрыі. Распавядзіце пра свае ўражанні і чаго дамагліся.

– Заўжды здавалася, што Аўстрыя сябруе, у мінулым сябравала з рэжымам. Мы ўсе пабачылі жорсткую пазіцыю Аўстрыі наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. Яны заявілі пра нелегітымнасць былога прэзідэнта Беларусі, пра сфальсіфікаваныя выбары, асудзілі гвалт. І мы пабачылі жаданне дапамагчы нам у гэты складаны час.

Прэзідэнт Аўстрыі Александэр ван дэр Бэлен вітае ў Вене лідара беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую, 27 красавіка 2021 г.
Фота: LEONHARD FOEGER / Reuters / Forum

– Сапраўды, стасункі Беларусі ды Аўстрыі асаблівыя. Лукашэнка два гады таму быў тут, у Аўстрыі. Апроч таго, ёсць эканамічныя інтарэсы, у Беларусі шмат аўстрыйскага капіталу. Вашая каманда неяк плануе выкарыстоўваць эканамічныя ды фінансавыя рычагі?

– Мы просім кампаніі абумоўліваць сваю супрацу, прасіць спынення гвалту, просім не звальняць работнікаў, якія нейкім чынам выказваюць сваю палітычную пазіцыю, і зрабіцца рычагом ціску на ўладу. Думаць перадусім пра чалавечую годнасць, правы чалавека, а не толькі пра матэрыяльны бок вядзення бізнесу. Мы намагаемся патлумачыць ім, чаму важна цяпер думаць пра людзей і весці справы з рэжымам так, каб не прыніжаць чалавечай годнасці.

– Пакуль вы наведваеце еўрапейскія краіны, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе дэкрэт, згодна з якім, у выпадку смерці ўладу перадасць Савету бяспекі…

– Гэта як перастаўляць крэслы на «Тытаніку», які тоне. Нам патрэбныя палітычныя пераўтварэнні праз новыя выбары. Каб не заставацца ў той надуманай стабільнасці, у якой мы гэтак доўга жывём, а рухацца наперад.

– Вашая каманда казала «Белсату», што Аўстрыя можа быць добраю пляцоўкаю для перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам. Пакуль што з ягонага боку мы не бачым зацікаўленасці ў такім дыялогу. Гэты дыялог – толькі трызненне ці ён некалі адбудзецца?

– Мы хочам будаваць новую краіну. Аўстрыя як нейтральная краіна, у якой добрыя стасункі і з Еўразвязам, і з Усходам, можа быць як месцам правядзення такога дыялогу, сустрэчаў, канферэнцыяў ці круглых сталоў, гэтак і выступаць у ролі пасярэдніка.

– Ці на Расею як суседа Беларусі, на якога мы глядзім з асцярожнасцю, Аўстрыя мае магчымасць уплываць?

– Трэба выкарыстоўваць усе магчымасці для дыялогу, для наладжвання кантактаў з нашым усходнім суседам. Аўстрыя гатовая такія кантакты знаходзіць і наладжваць такія сувязі.

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі місіяў АБСЕ
2021.04.27 10:26

Размаўляла Таццяна Рэут belsat.eu

Стужка навінаў