Сябрам беларусам аб сораме

Лукашэнка дазволіў Пуціну ўвайсці на беларускую зямлю для правядзення агрэсіі супраць ні ў чым не вінаватай суседкі – Украіны. Цалкам мажліва, што неўзабаве ён дазволіць выкарыстаць для гэтага беларускае войска.

Вялікая колькасць маіх супрацоўнікаў, блізкіх і далёкіх знаёмых піша сёння пра тое, як ім сорамна за такі ўчынак дыктатара, за ўцягненне краіны ў гэтую ганебную вайну. Паважаныя! Вам сапраўды няма чаго саромецца! Саромецца можна і трэба за СВАЕ ўчынкі, а не за дзеянні дыктатара, які трымае ў турмах больш за тысячу вашых суайчыннікаў, што выступілі супраць яго. Гэта вы галасавалі за Лукашэнку? Гэта вы служылі ў яго дзяржаўным апараце гвалту? Не! Вы спрабавалі зрабіць усё, што ў вашых сілах, каб змяніць гэтага сатрапа. Больш за тое, разам з вамі гэта спрабавалі зрабіць сотні тысяч беларусаў. Дзясяткі тысяч прайшлі праз пераслед, катаванні, нялюдскія ўмовы арышту па 30 чалавек у камерах, разлічаных на некалькі асобаў…

Гэта праўда: шмат беларусаў прадаліся Лукашэнку і яго маскоўскаму гаспадару за хлеб, на якім таўсцейшы слой масла, і, на жаль, яшчэ больш такіх з прамытымі на савецкі лад мазгамі. Часам гэта вашыя калегі, суседзі і нават родныя. Гэта баліць. Гэта таксама можа прымусіць задумацца: «Чаму?», а таксама «Што рабіць?», але гэта не можа быць нагодай для вашага сораму.

У літоўскай сталіцы адбылася акцыя адзінства і салідарнасці з Украінай «Святло свабоды». На яе прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Вільня, Літва. 24 лютага 2022.
Фота: КК / Белсат

Гэта праўда, цалкам мажліва, што калі б вы і вашыя суайчыннікі ў жніўні 2020 праявілі большую рашучасць, калі б не далі сябе «мірна» выгнаць на ўскрайкія горады, а сотнямі тысяч вырушылі пад прэзідэнцкі палац і ўрадавыя будынкі, – сатрап не вытрымаў бы і нервова ўцёк. Вас тады было столькі, што аніводзін АМАП не даў бы рады… Толькі цяпер мы ўжо ведаем дакладна, што калі б так склаліся падзеі, дыктатар усё роўна вярнуўся, без сумневу. Гэтым разам проста ў суправаджэнні войска Пуціна…

Таму што так цяпер выглядае палітычная архітэктура гэтай часткі свету. І будзе так выглядаць, пакуль Расея будзе пераканана, што можа і павінна навязваць сваю волю суседнім народам. Без Пуціна не будзе Лукашэнкі… Так што няма чаго саромецца, трэба разам працаваць для агульнай мэты. Таму што сёння з усіх сіл дапамагаць Украіне, каб выбавіць нашую частку свету ад постсавецкай дыктатуры і расейскага імперыялізму, – гэта нашая супольная справа.

Стужка навінаў