Шторкі нібыта неяк спрыяюць распаўсюду каронавірусу. А наяўнасць ці адсутнасць масак або вакцынацыі ЦВК не згадвае: знятыя шторкі – адзіны процівірусны захад.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі апублікавала метадычныя дапаможнікі для тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў. Telegram-канал «Беларусь головного мозга» звярнуў увагу на некалькі пунктаў.
«У мэтах прафілактыкі рызыкаў, звязаных з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі» з кабінак для галасавання загадана прыбраць шторкі. Так ужо рабілі на прэзідэнцкіх выбарах-2020, але тады шторкі не абавязкова прыбіралі зусім, а часам проста адсоўвалі, каб назіральнікі бачылі выбарніка.
Гэта магло быць звязана з заклікамі платформы «Голас» фатаграфаваць бюлетэні і адпраўляць фота для аналізу праўдзівасці афіцыйных вынікаў галасавання. А аналіз паказаў, што Святлана Ціханоўская перамагла ў першым туры.
Пры тым адносна кантролю за «правільным» галасаваннем у метадычцы ёсць сказ з узаемавыключальнымі часткамі: з аднаго боку, месца для галасавання трэба абставіць так, каб выключыць магчымасць кантролю за волевыяўленнем, а з другога – адвесці ўсім назіральнікам такое месца, каб яны маглі бачыць працэдуру галасавання. Як спалучыць гэта з вузкай кабінкай і адразу некалькімі назіральнікамі, ЦВК не тлумачыць.
Ахоўваць участкі для галасавання маюць не толькі супрацоўнікі органаў унутраных справаў. Прыцягваць да аховы могуць і «добраахвотныя дружыны», і «моладзевыя атрады аховы правапарадку» пры БРСМ.
АА belsat.eu