«Міжнародная супольнасць не мае ілюзіяў». Місія ЗША пры АБСЕ – пра беларускі «рэферэндум»


Такі «рэферэндум» не вырашыць палітычны крызіс, перакананыя ў Штатах.

Амбасадар і прадстаўнік ЗША пры АБСЕ Майкл Карпентэр. Скрыншот з відэа VOA News / YouTube

Місія Злучаных Штатаў пры Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе апублікавала 27 студзеня заяву, якую ў гэты ж дзень агучыў перад Парламенцкай асамблеяй АБСЕ амбасадар Штатаў Майкл Карпентэр.

«Дазвольце мне сказаць наўпрост: міжнародная супольнасць не мае ілюзіяў адносна таго, што канстытуцыйны рэферэндум можа вырашыць палітычны крызіс, які стаў вынікам сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, – казаў Карпентэр. – Практычна ўсе незалежныя галасы былі заглушаныя, звыш 1000 палітычных зняволеных застаюцца за кратамі, арганізацыі грамадзянскай супольнасці і незалежныя медыі прымусова закрываюць праз абвінавачванні ў «экстрэмізме», дзясяткі тысяч беларускіх грамадзянаў змушаныя да выгнання».

Hавiны
У кабінках без шторак, пад аховай міліцыі і байцоў БРСМ. ЦВК апублікавала метадычкі па «рэферэндуме»
2022.01.27 19:35

Паводле амбасадара, «паспешліва прапанаваны» набор зменаў у Канстытуцыю, які ўлады Беларусі выносяць на «рэферэндум», нельга разглядаць як сур’ёзнае намаганне дасягнуць «вельмі неабходнага дэмакратычнага працэсу і рэформаў».

Прапанаваная канстытуцыйная рэформа не адгукаецца на галасы беларусаў, а незалежныя назіральнікі не змогуць арганізаваць назіранне за «рэферэндумам» праз пастаянную пагрозу расправы з боку ўладаў.

Артыкулы
У Беларусі – 1007 палітвязняў, але спіс будзе павялічвацца. Размова з юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна»
2022.01.27 11:50

Амбасадар дадаў: непакоіць тое, што ў Беларусі не было шырокага абмеркавання такіх ключавых пунктаў, як абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў толькі для тых, хто будзе кіраваць пасля Аляксандра Лукашэнкі, і прапанова зняць з Беларусі бяз’ядравы статус і палітычную нейтральнасць.

«Мы заклікаем беларускія ўлады безумоўна і без прамаруджвання вызваліць усіх палітвязняў і спыніць кампанію рэпрэсіяў, – заявіў Карпентэр. – Мы надалей заклікаем беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі незалежнай экспертнай місіі ў межах Маскоўскага механізму і прыняць значныя захады для вырашэння праблемаў, вызначаных у рамках Венскага механізму.

Беларускія ўлады павінны аператыўна ўступіць у спрыяльны, усёабдымны і сапраўдны нацыянальны дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, які прывядзе да новых свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным назіраннем і з улікам рэкамендацыяў БДІПЧ».

Hавiны
Ціханоўская заклікае прыйсці на выбарчыя ўчасткі падчас рэферэндуму
2022.01.21 14:44

АА belsat.eu

Стужка навінаў