Колькі словаў пра Ціханоўскую

Спадарыня Святлана ўжо не тая Света, якую мы ведалі летам мінулага года.

Кухарка, якой трэба смажыць катлеты, а не палітыкаю займацца. Недасведчаная марыянетка, несамастойная ў сваіх словах і дзеяннях, цалкам кіраваная вонкавымі сіламі жанчына. Лялька, якую возяць па еўрапейскіх сталіцах і кажуць, што прамаўляць і з кім сустракацца. Дый наагул выпадковы персанаж у сучаснай гісторыі Беларусі. Такімі «кампліментамі» Святлану Ціханоўскую штодзённа адорваюць прапагандысты Лукашэнкі, а часам і некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці. Інтэнцыі адных і другіх супадаюць: прынізіць значэнне канкурэнта, прапагандаваць вобраз недасведчанай кандыдаткі Ціханоўскай з часу выбарчай кампаніі. І, магчыма, нехта прымае такую нарацыю, бо абсалютная большасць беларусаў не мае магчымасці пабачыць Ціханоўскую на ўласныя вочы, а тым больш паразмаўляць з ёй. А хлусня, паўтораная тысячу разоў, становіцца праўдаю. Памятаеце, чые гэта словы?

Святлана Ціханоўская размаўляе з удзельнікамі канферэнцыі беларусаў свету ў Вільні. Вільня, Літва. 24 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

20 верасня ў мяне было ўжо трэцяе інтэрв’ю са Святланаю Ціханоўскай, і гэта была ўжо зусім не тая Святлана, з якой я пазнаёміўся ў ліпені мінулага года падчас выбарчай кампаніі. Тады я размаўляў са шчыраю, сціплай, але цалкам апалітычнаю жанчынаю. Гэта была звычайная беларуская маці, якая бараніла сваіх дзяцей, і жонка арыштаванага мужа-рэвалюцыянера. Смелая, але моцна прыціснутая цяжарам рэпрэсіўнага апарату, пагрозамі, разгубленая і зусім не ўпэўненая ў заўтрашнім дні.

Сёння ж перада мною сядзіць палітык, якая прыводзіць лічбы, факты, прозвішчы. Размаўляем пра эканоміку, міжнародную і рэгіянальную сітуацыю, свабоду, дэмакратыю, рэлігію. Размаўляю з палітыкам, якая ўмее хаваць думкі і хутка падбіраць адпаведныя словы, тактычна і акуратна ўхіляцца ад пэўных пытанняў. Навучылася не толькі бараніцца, але і контратакаваць, шахаваць журналіста пытаннямі: як вы гэта бачыце, чаму вы так думаеце, адкуль вы гэта ведаеце… Пачынаю палемізаваць, хвалявацца, губляю думку і адначасова разумею, што ўжо не я, а мая суразмоўца рэжысуе наш дыялог. Усведамляю, што Святлана ўжо не тая разгубленая жанчына з мінулага лета, гэтая гісторыя зусім не пра катлеты ці боршч.

Hавiны
Як мяняўся вобраз Святланы Ціханоўскай: ад хатняй гаспадыні да элегантнай лэдзі
2020.10.16 16:14

– Можа, мне іх супакоіць? Вам не перашкаджае? – нечакана з рашучым выразам твару дырэктаркі рэагуе на смех працаўнікоў свайго офісу за сцяною.

– Ды не, нармальна, – неяк разгублена адказаў я.

Святлана ўсміхнулася і працягнула адказваць на пытанне пра «інтэграцыю» Беларусі з Расеяй.

Чаму я вырашыў пра гэта напісаць? Бо не ведаю ніводнага чалавека, які б за год прайшоў гэтак глыбокую асабістую трансфармацыю і навучыўся таму, чаму некаторыя дасведчаныя палітыкі не могуць навучыцца на працягу дзесяцігоддзяў. Гаворка не пра відавочную стылістыку, адзенне, ахову і дасведчаных дарадцаў. Але пра асабістую культуру, інтэлектуальныя здольнасці, жаданне вучыцца, прыслухоўвацца да меркавання іншых і рабіць уласныя высновы. І рабіць гэта ў вельмі складанай сітуацыі: будучы за мяжой і думаючы пра мужа, які застаўся за кратамі па другім баку муру. І ўсё ж такі мне падаецца, што гэта не «пераходны перыяд» у жыцці Святланы Ціханоўскай, а толькі пачатак ейнай гісторыі, якая ўжо мае не беларускія маштабы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў