Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў


Людзі ўцякаюць пасля выбуху двух святлогукавых гранат на на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Ціміразева. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

26 траўня ў Бярозаўцы пад Лідай адбылося пахаванне актывіста ПБНФ, палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр у калоніі, куды яго скіравалі праз удзел у паслявыбарных пратэстах. У Менску ў гэты ж дзень стала вядома пра суіцыд фігуранта іншай крымінальнай справы за пратэсты – 18-гадовага Дзмітрыя Стахоўскага. Згадваем усіх, чые смерці былі звязаныя з задушэннем пратэстаў у Беларусі.

Агулам гэта не менш як 15 чалавек:

Аляксандр Тарайкоўскі. 34 гады. Удзельнік пратэстаў. Застрэлены сілавікамі каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску 10 жніўня 2020 года.

Генадзь Шутаў. 44 гады. Удзельнік пратэстаў. Застрэлены 11 жніўня 2020 года ў Берасці вайскоўцам у цывільным Раманам Гаўрылавым.

Мікіта Крыўцоў. 29 гадоў. Удзельнік пратэстаў. 11 жніўня 2020 года знік у Менску дарогаю на працу, 22 жніўня знойдзены павешаным.

Аляксандр Будніцкі, 53 гады. 11 жніўня 2020 года знікнуў у Менску, пра смерць стала вядома 31 жніўня. Паводле афіцыйнай версіі, памёр нібыта ад атручвання этылавым спіртам. Афіцыйная дата смерці – 12 жніўня.

Аляксандр Віхор. 25 гадоў. Памёр 12 жніўня 2020 года пасля затрымання сілавікамі ў Гомлі.

Генадзь Кісель. 50 гадоў. 12 жніўня 2020 года забіты вартаўніком салігорскага КДБ Леанідам Штайдам ударам нажніцамі ў шыю.

Канстанцін Шышмакоў. 29 гадоў. Сябар выбарчай камісіі, адмовіўся падпісаць афіцыйны пратакол. 15 жніўня 2020 года знік у Ваўкавыску дарогаю дадому з працы, 18 жніўня знойдзены павешаным.

Арцём Парукаў, 19 гадоў. Удзельнік пратэстаў. 16 жніўня 2020 года быў збіты аўтамабілем на Партызанскім праспекце ў Менску.

Станіслаў Чур, 31 год. Удзельнік пратэстаў. 19 жніўня павесіўся на тэрыторыі Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова, дзе працаваў.

Сяргей Радчэня, 36 гадоў. 18 верасня 2020 года абліўся гаручай вадкасцю і падпаліў сябе на ганку будынку смалявіцкай міліцыі. Памёр 25 верасня.

Дзяніс Кузняцоў, 41 год. 29 верасня з ізалятару на Акрэсціна ў Менску паступіў у Больніцу хуткай медычнай дапамогі са шматлікімі траўмамі цела і адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай, памёр 3 кастрычніка ў лякарні.

Раман Бандарэнка, 31 год. 11 лістапада 2020 года ў Менску на плошчы Пераменаў быў збіты і затрыманы «людзьмі ў цывільным», якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі ў двары; дастаўлены ў РУУС, затым у непрытомным стане ў лякарню з ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і гематомамі. 12 лістапада памёр, нягледзячы на праведзеную аперацыю.

Сяргей Шчацінка. 57 гадоў. Затрыманы 12 лістапада 2020 года ў Асіповічах. Асуджаны на 10 содняў. Паводле сваякоў, у ізалятары заразіўся на каронавірус. Памёр ад хваробы 11 снежня 2020 года.

Вітольд Ашурак. 50 гадоў. Удзельнік пратэстаў. Затрыманы 19 верасня 2020 года. 18 студзеня 2021 года асуджаны да 5-і гадоў зняволення. 21 траўня 2021 года стала вядома пра ягоную смерць. Афіцыйна ў яго спынілася сэрца.

Дзмітрый Стахоўскі. 18 гадоў. Быў фігурантам справы пра масавыя беспарадкі. 25 траўня 2021 года скончыў жыццё самагубствам, абвінаваціўшчы ў сваёй смерці Следчы камітэт.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў