Упраўленне Следчага камітэту па Менску завяршыла расследаванне крымінальнай справы супраць 12 асобаў, якіх падазраюць у рыхтаванні да ўдзелу ў масавых беспарадках і знішчэння, а таксама пашкоджання маёмасці агульнанебяспечным спосабам.
Следчы камітэт паведамляе, што абвінавачваныя пастанавілі браць удзел у масавых беспарадках, пры гэтым планавалі падпальваць кіёскі «Табакерка», наносіць пашкоджанні машынам і грамадскім пунктам аховы правапарадку органаў унутраных справаў, а таксама ва ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады.
У абвінавачваных у гаражах знайшлі два рэвальверы, больш за 100 патронаў, металічную арматуру, прэнты і «вожыкі», пнеўматычныя пісталеты і стрэльбы, нажы, радыёстанцыі, а таксама не менш за 130 літраў гаручай вадкасці.
Следчыя паведамляюць, што абвінавачваных раней прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Сярэдні ўзрост фігурантаў склаў 32 гады, наймаладзейшаму – 19 гадоў, найстарэйшаму – 51. Матэрыялы справы перададзеныя ў суд.
25 сакавіка ўлады актыўна рыхтуюцца да Дня Волі. У Менску назіраецца надзвычайная колькасць сілавікоў, вайскоўцаў і тэхнікі. Масава затрымліваюць журналістаў і актывістаў па ўсёй краіне.
СК belsat.eu