«Мы пачалі пісаць гісторыю новай Беларусі». Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём Волі


Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у Дзень Волі. У сваім афіцыйным тэлеграм-канале яна распавяла, што, «як і многія беларусы, раней не лічыла 25 сакавіка важнай датай. Але ў 2020 годзе ўсё змянілася. Мы пачалі пісаць гісторыю новай Беларусі».

Таксама яна зазначыла, што «нельга ісці ў будучыню, не памятаючы пра мінулае, бо інакш можна затрымацца ў гэтым мінулым на 26 гадоў».

Святлана Ціханоўская.
Фота: @tsikhanouskaya / Telegram

У сваім віншаванні Святлана Ціханоўская нагадала пра важную ролю стварэння БНР для сучаснай Беларусі: «Беларуская Народная Рэспубліка стала старонкай нашай гісторыі, дзякуючы якой праз гады Беларусь атрымала незалежнасць, а не засталася шасцю вобласцямі ў складзе іншай краіны».

«І сёння – наш дзень і наша свята. Я віншую нас з тым, што ў нас з’явіліся адзінства, салідарнасць і воля. І з тым, што ўсяго за тыдзень мы сабралі амаль 750 тысяч галасоў на платформе «Голас» – за мір, за перамовы, за свабодную будучыню нашай роднай краіны», – звярнулася Ціханоўская да беларусаў.

Святлана Ціханоўская зазначае, што ўлады спрабуюць сарваць галасаванне на платформе «Голас»: блакуюць доступ да сайту, ствараюць фэйкавыя рассыланні і спрабуюць запалохаць беларусаў, якія хочуць прагаласаваць.

У звароце кажацца пра пачатак дыялогу з міжнароднымі партнёрамі пра тое, якімі могуць быць пляцоўка і бакі перамоваў у справе новых выбараў, «бо нашыя галасы, сімвалы і феерверкі больш бачныя на вуліцах і патрабуюць, каб нас пачулі».

Напрыканцы Святлана Ціханоўская пажадала ўсім беларусам сустрэць наступны Дзень Волі ў новай Беларусі:

«І я жадаю ўсім нам наступнае 25 сакавіка сустрэць у той Беларусі, якую мы заслугоўваем – у краіне, дзе шануюць закон, захоўваюць правы і паважаюць народ. Бо ўжо сёння беларусы ўпершыню святкуюць Дзень Волі як Новы Год. Дык са святам!»

АД, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў