Брытанія западозрыла Крэмль у спробе паставіць ва Украіне прарасейскага лідара, назвала «кандыдата»


У мінулы раз такое скончылася ўцёкамі лідара ў Расею падчас Рэвалюцыі годнасці.

Украінскі палітык Яўгеній Мураеў. 7 верасня 2015 года.
Фота: tov_sergeant / Wikimedia, CC0 1.0

Міністарка замежных справаў Вялікай Брытаніі Элізабэт Трас 22 студзеня зрабіла заяву аб выкрыцці звестак пра спробу расейскіх уладаў паставіць прарасейскага лідара ў Кіеве – патэнцыйным кандыдатам на гэта яна назвала былога дэпутата Яўгенія Мураева.

Таксама, паводле брытанскага міністэрства, расейская выведка падтрымлівае сувязі з шэрагам украінскіх палітыкаў, у ліку якіх былы прэм’ер-міністр Мікола Азараў, былыя віцэ-прэм’еры Сяргей Арбузаў і Андрэй Клюеў, былы намеснік кіраўніка Рады нацыянальнай бяспекі Уладзімір Сіўковіч (усе займалі гэтыя пасады ў часы прэзідэнцтва Віктара Януковіча). Некаторыя з тых, з кім кантактуе расейская выведка, уцягнутыя ў планаванне расейскай атакі на Украіну, сцвярджае МЗС Вялікай Брытаніі.

«Расея павінна пайсці на дээскалацыю, спыніць свае кампаніі агрэсіі і дэзынфармацыі і ісці па шляху дыпламатыі, – дадала Ліз Трас. – Як неаднаразова казалі Вялікая Брытанія і нашыя партнёры, любое расейскае ваеннае ўварванне ва Украіну было б маштабнай стратэгічнай памылкай з сур’ёзнай цаной».

Hавiны
Ці магчымы ўдзел Беларусі ў канфлікце Расеі з Украінай? Меркаванне палітолага
2022.01.21 22:26

Агенцтва «Reuters» адзначае, што МЗС Брытаніі не прадставіла доказаў гэтай заявы, але крыніца ў МЗС сказала агенцтву, што выданне інфармацыі выведкі – незвычайная практыка для каралеўства, а інфармацыя была рассакрэчаная толькі пасля надзейнай праверкі.

Мураеў, якога Вялікая Брытанія лічыць патэнцыйным прарасейскім лідарам, быў чальцом «Партыі рэгіёнаў», затым – «Апазіцыйнай платформы – За жыццё» і «Апазіцыйнага блоку», лідарам партыі «Нашы». Быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2019 года (дзе ён зняў кандыдатуру на карысць іншага кандыдата «Апазіцыйнага блоку»). Валодае тэлеканалам «Наш», у 2014-2018 гадах валодаў тэлеканалам «NewsOne». Расея ўвяла супраць яго персанальныя санкцыі ў канцы 2018 года. Цяпер Мураеў рэзка выказваецца супраць дзейнага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і папярэдняга прэзідэнта Пятра Парашэнкі. У снежаньскім апытанні аб магчымых кандыдатах на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года 6,3 % апытаных украінцаў, якія вызначыліся з кандыдатам, казалі, што прагаласавалі б за Мураева (тады як за Зяленскага – 24 %, за Парашэнку – 16 %, у другім туры між імі галасы падзяліліся б 50 на 50).

Рэпартаж
На лініі сутыкнення. Як жывуць на Данбасе ў прадчуванні вайны
2022.01.18 13:03

Сам Мураеў апублікаваў на Facebook калаж з сабой у вобразе агента Джэймса Бонда, а ў каментары выданню «Страна.UA» прасіў спытаць Брытанію, як ягоная роля патэнцыйнага прарасейскага лідара спалучаецца з расейскімі санкцыямі супраць яго. Міністэрства замежных справаў Расеі назвала заяву Трас «дэзынфармацыяй» і «правакацыйнай дзейнасцю», а таксама абвінаваціла «NATO на чале з англасаксамі» ў эскалацыі напружанасці вакол Украіны (да межаў якой Расея сцягвае войскі).

Мінулым прарасейскім прэзідэнтам Украіны быў Віктар Януковіч. Ягоны разварот ад еўрапейскай інтэграцыі да інтэграцыі з Расеяй у 2013 годзе выклікаў пратэсты, якія перараслі ў Еўрамайдан і Рэвалюцыю годнасці. Пасля расстрэлу пратэстоўцаў (загінулыя вядомыя як Нябесная сотня) Януковіч уцёк у Расею, а Расея, скарыстаўшыся неразбярыхай, акупавала ўкраінскі Крым і падтрымала прарасейскіх сепаратыстаў у самаабвешчаных ДНР і ЛНР на ўсходзе Украіны.

Hавiны
Пра што кажуць былыя прэзідэнты ў звароце да народу пасля ўцёкаў
2022.01.21 18:09

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў