Палітзняволенаму Ігару Банцэру хочуць змяніць рэжым з «хіміі» на папраўчую калонію


Палітзняволенага Ігару Банцэра, які правёў за кратамі дзве галадоўкі, хочуць перавесці з «хіміі» ў папраўчую калонію. Такога рашэння дамагаецца адміністрацыя папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 Віцебску, дзе адбывае зняволенне Банцэр. Яго абвінавачваюць у парушэнні правілаў адбывання пакарання на «хіміі».

Суд мае прыняць рашэнне 23 верасня.

Ігар Банцэр, музыка, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Як нам удалося даведацца, адміністрацыя ПУАТ № 9 прад’яўляе прэтэнзіі Банцэру за 6 эпізодаў. Сярод іх такія «жорсткія» парушэнні рэжыму: заснуў на зэдліку, не пагаліўся, не выканаў каманду «адбой». Адміністрацыя лічыць, што гэтага дастаткова, каб замяніць палітзняволенаму рэжым на горшы: абмежаванне волі на пазбаўленне волі. Ігар лічыць прэтэнзіі адміністрацыі палітычным ціскам. «Я адмовіўся падпісаць прашэнне аб памілаванні», – зазначыў ён у размове з намі.

Праўдападобна, што суд над Ігарам Банцэрам 23 верасня будзе паказальны, яго правядуць у будынку «хіміі». Паводле нашай інфармацыі, на гэтай жа хіміі пакаранне адбываюць прынамсі 10 палітвязняў. Таксама суд назаве новы тэрмін, які Ігар Банцэр мае адбыць у калоніі.

Гарадзенскі музыка Ігар Банцэр у сакавіку 2021 года быў асуджаны на 1,5 года абмежавання волі, «хіміі», за акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, палітычнага пераследу і гвалту сілавікоў. Ігара затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцыянтам. Да прысуду яго трымалі ў гарадзенскім СІЗА: кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Менск, змяшчалі ў карцар. Змагаючыся за свае правы і жыццё, Ігар вымушаны быў 16 дзён трымаць сухую галадоўку і скончыў яе толькі тады, калі пасля прысуду яго вызвалілі проста ў судовай зале.

Артыкулы
Ігар Банцэр: Застацца тут і спрабаваць рабіць нешта заўважнае – вось гэта для мяне значыць жыць
2021.05.20 09:32

У ліпені яго накіравалі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпа № 9 Віцебску, дзе ён мусіў адседзець рэшту тэрміну зняволення, 8 месяцаў.

Як кажа сам Ігар Банцэр, ён адразу адчуў перадузятае стаўленне да сябе з боку адміністрацыі «хіміі»: яго назвалі схільным да экстрэмізму, не прадастаўлялі належнай медычнай дапамогі.

У жніўні яго кінулі ў штрафны ізалятар, адмысловую камеру, дзе зняволенаму рэзка пагаршаюць умовы ўтрымання і пазбаўляюць практычна ўсіх правоў, якіх у яго за кратамі і без гэтага вобмаль. У ШІЗА Банцэра трымалі 40 дзён, гэта рэкордны тэрмін для палітзняволеных у Беларусі. Ігару чарговы раз давялося на знак пратэсту абвесціць галадоўку, трымаць яе 19 дзён і скончыць пасля вызвалення з ШІЗА.

«Трэцюй галадоўкі я ўжо не вытрымаю, але я не магу гарантаваць, што яе не будзе», – адзначыў палітзняволены музыка, каментуючы нам судовы працэс, які пачнецца 23 верасня.

Ігар Банцэру 41 год, ён заснавальнік Гарадзенскага рок-клубу, які ўлады патрабуюць ліквідаваць, лідар мясцовага гурта «Mister X».

Артыкулы
У Горадні ліквідуюць рок-клуб Ігара Банцэра і ўстанову, якая ладзіла праект для людзей сталага веку
2021.07.27 17:50

belsat.eu

Стужка навінаў