Памежнікі Літвы за 21 і 22 чэрвеня затрымалі тры групы нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у краіну з беларускага боку мяжы. Пра гэта паведамілі ў літоўскай памежнай службе.
Агулам было затрымана 58 замежнікаў, з якіх 54 іракцы, а 4 – грамадзяне Шры-Ланкі. Усе яны запрасілі прытулак у Літве.
Агулам сёлета ў Літву спрабавалі ўехаць 498 нелегальных мігрантаў з Беларусі. Гэта ў шэсць разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Летась быў затрыманы 81 такі замежнік. У 2019 годзе пагранічнікі злавілі 46 нелегальных мігрантаў, у 2018-м – 104.
Сярод затрыманых сёлета на мяжы з Беларуссю найбольш было грамадзянаў Іраку – 323. Таксама затрыманыя 46 грамадзянаў Ірану, 42 – Сірыі, 39 – Беларусі, 13 – Расеі, 11 – Турцыі, 10 – Шры-Ланкі, 6 – Таджыкістану, 3 – Афганістану, па 2 – Емену і Егіпту і 1 грамадзянін Самалі.
Праз рост нелегальнай міграцыі МУС Літвы абмяркоўвае магчымасць пабудаваць плот на мяжы з Беларуссю.
МГ belsat.eu