«Мы нікому і нічога не аддамо». Зяленскі выступіў са зваротам да ўкраінцаў


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў са зваротам да ўкраінцаў на фоне рашэння кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна прызнаць незалежнасць «ЛДНР».

Зяленскі падкрэсліў, што міжнародна прызнаныя межы Украіны застануцца такімі ж, нягледзячы на дзеянні Расеі.

«Украіна адназначна кваліфікуе апошнія дзеянні Расейскай Федэрацыі як парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы», – адзначыў прэзідэнт.

Паводле яго, прызнанне незалежнасці акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў можа азначаць аднабаковы выхад Расеі з Менскіх дамоўленасцяў і ігнараванне рашэнняў у рамках Нармандскага фармату. Уся адказнасць за наступствы гэтых рашэнняў ускладаецца на палітычнае кіраўніцтва Расеі, сказаў Зяленскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што расейскія войскі фактычна знаходзіліся ў акупаваных раёнах Данбасу з 2014 года.

«Мы на сваёй зямлі, мы нічога і нікога не баімся. Мы нічога і нікому не павінны, мы нікому і нічога не аддамо. І мы ў гэтым упэўненыя, бо зараз не люты 2014-га, а люты 2022-га. Іншая краіна, іншае войска, адна мэта. Гэта – мір, мір ва Украіне! Слава Украіне!» – падсумаваў Зяленскі.

Абноўлена
Пуцін прызнаў незалежнасць «ЛНР» і «ДНР». Зяленскі склікаў Раду нацыянальнай бяспекі і абароны
2022.02.21 22:23

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у сваім тэлезвароце 21 лютага абвясціў пра прызнанне незалежнасці ўтвораных на тэрыторыі Украіны Луганскай і Данецкай «народных рэспублік».

Ён таксама папрасіў парламент падтрымаць заключэнне дамоваў аб супрацы з «рэспублікамі».

ПС belsat.eu

Стужка навінаў