«Трымаюцца бадзёра». У Менску працягваецца суд над журналісткай Барысевіч і лекарам Сарокіным

Кацярына Барысевіч у судзе. Першы дзень суда над журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. У судзе Маскоўскага раёну Менску, 19 лютага 2021 года. Фота: радыё «Свабода» / Reuters

Суд Маскоўскага раёну Менску 22 лютага працягвае разглядаць справу журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч і доктара шпіталю хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна, якіх абвінавачваюць у разгалошванні медычнай таямніцы.

Працэс вядзе суддзя Святлана Бандарэнка, дзяржабвінавачанне рэпрэзентуе Людміла Іваненка, Арцёма Сарокіна абараняе адвакатка Вольга Бацюк, Кацярыну БарысевічАндрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук.

На пасяджэнне выклікалі сведку – лекара Больніцы хуткай медычнай дапамогі, які лячыў Рамана Бандарэнку. Паводле доктара, выклікаць будуць усіх, хто надаваў Раману медычную дапамогу.

Допыт калегі Арцёма Сарокіна доўжыўся каля 40 хвілінаў. З яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

«Што сказаць? Самае страшнае адбылося нашмат раней, чым «раскрыццё медычнай таямніцы». Рады, што ўбачыў Арцёма. Ён і Кацярына трымаюцца бадзёра», – зазначыў лекар.

Да 12-й гадзіны скончыўся допыт трох сведкаў-лекараў.

Суд над Кацярынай Барысевіч і Арцёмам Сарокіным праходзіць у закрытым рэжыме

19 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся працэс над журналісткай Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным. Журналістку і медыка вінавацяць паводле ч. 3 арт. 178 КК («Раскрыццё медычнай таямніцы»). Артыкул прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

МГ belsat.eu

Hавiны