Калі ЗША і NATO адмовяцца абмяркоўваць з Расеяй яе прапановы аб гарантыях бяспекі, то Расея будзе разглядаць усе магчымыя варыянты дзеянняў у адказ. Шмат залежыць ад рэакцыі заходніх краінаў.
Такую заяву зрабіў намеснік кіраўніка МЗС РФ Андрэй Рудэнка, каментуючы магчымасць размясціць у Беларусі ядравую зброю, паведамляе «РИА Новости».
«Усе пытанні разглядаюцца ў комплексе. Мы чулі такія прапановы з боку нашых беларускіх саюзнікаў. Усе варыянты будуць разглядацца, але шмат, як я ўжо сказаў, будзе залежаць ад той рэакцыі, якую мы чакаем атрымаць ад ЗША і блока NATO», – сказаў Рудэнка.
Нагадаем, што размясціць ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі прапаноўваў Расеі Лукашэнка – у адказ на аналагічныя дзеянні Польшчы.
У чэрвені ядравую бяспеку назваў інструментам шантажу прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа (Gitanas Nausėda):
«За межамі Літвы – нестабільная прастора, у якой парушаюцца фундаментальныя правы чалавека і правілы вольнага свету, у якой дыктатары, нагледзеўшыся баевікоў, ужываюцца ў ролю тэрарыстаў і захопліваюць пасажырскія самалёты, у якой бяспека межаў і ядравая бяспека робяцца інструментам шантажу», – сказаў прэзідэнт Літвы.
Наўседа не называў імёнаў тых дыктатараў, але «Delfi» тлумачыць: ён меў на ўвазе падзеі ў Беларусі, у тым ліку захоп самалёта «Ryanair».
МГМ, belsat.eu