Мастака Алеся Пушкіна накіравалі ў Навінкі для правядзення псіхіятрычнай экспертызы


Як стала вядома «Белсату», вядомага мастака, удзельніка міжнародных выставаў, аўтара флэш-мобаў і перформансаў Алеся Пушкіна адправілі ў псіхіятрычную лякарню ў Навінкі – нібыта для правядзення экспертызы.

Мастак Алесь Пушкін на акцыі пратэсту. Лета 2020 году.
Фота: асабісты архіў Алеся Пушкіна

30 лістапада будзе 8 месяцаў, як Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі. За гэты час яго неаднаразова кідалі ў карцар, прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні – аднак мастак адмовіўся. Яму пагражае да 12 гадоў зняволення за паказ на выставе партрэту Яўгена Жыхара – удзельніка пасляваеннага антысавецкага супраціву. Паводле ўладаў, гэта «рэабілітацыя нацызму».

Артыкулы
Новы паварот у справе мастака Алеся Пушкіна: правяраюць ягоныя працы, створаныя напрыканцы 90-х гадоў
2021.10.30 14:27

Беларускі мастак Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС.

Затрыманню папярэднічала ўзбуджэнне 26 сакавіка пракуратурай Горадні крымінальнай справы ў дачыненні да яго, а таксама кіраўніка прыватнай установы «Цэнтр гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі і іншых асобаў «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму», па ч.3 арт. 130 КК РБ («Распальванне варожасці»).

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы «Цэнтр гарадскога жыцця» 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна.

Беларускія праваабаронцы прызналі Алеся Пушкіна палітвязнем.

Цяпер сілавікі ўзяліся правяраць усю творчасць мастака, шукаючы апазіцыйнасць сённяшняму рэжыму. Так, напрыклад, у следчых узніклі прэтэнзіі да цыклу працаў Пушкіна «Беларускі супраціў», створаных яшчэ напрыканцы 90-х гадоў.

Hавiны
Мастак Алесь Пушкін заснаваў у турме арт-супольнасць
2021.05.10 15:23

За краты Алесь Пушкін трапіў не ўпершыню. Раздражнялі рэжым Лукашэнкі перформансы мастака, якія ён ладзіў больш за 30 гадоў. Напрыклад, такі як «Падарунак прэзідэнту «За пяцігадовую плённую працу!», калі ў 1999 годзе Пушкін прыкаціў да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі, выбарчы плакат Лукашэнкі 1994 году «Александр Лукашенко с народом», дзяржаўны сцяг, цацачныя кайданкі, кашуля з нацыянальным арнаментам, вянок з васількоў, белыя пальчаткі. У жніўні 2020 году мастак выйшаў з абразом на мірную акцыю пратэсту ў Менску, супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Яго моцна збілі і кінулі за краты.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў