Офіс Ціханоўскай: Беларусь уцягваюць у чужую вайну і ператвараюць у краіну-агрэсара


Офіс Святланы Ціханоўскай выказаўся наконт таго, што расейскія войскі пад выглядам падаўжэння вучэнняў пакідаюць у Беларусі.

У Офісе канстатуюць, што беларусаў падманвалі, калі абяцалі вывад войскаў пасля 20 лютага, а Лукашэнка «страціў самастойнасць у прыняцці рашэнняў»

«Знаходжанне на нашай тэрыторыі расейскіх войскаў парушае нашую Канстытуцыю, міжнароднае права, ставіць пад пагрозу бяспеку кожнага беларуса і цэлага рэгіёна. Беларусь уцягваюць у чужую вайну і ператвараюць у краіну-агрэсара. Лукашэнка расплачваецца за падтрымку Крамля суверэнітэтам – і цяпер мы бачым наступствы», – адзначаецца ў заяве.

Офіс Ціханоўскай лічыць, што цяпер гэта разумеюць нават прыхільнікі рэжыму, у тым ліку афіцэры беларускага войска, якія жадаюць абараняць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

«Мы патрабуем неадкладнага вываду расейскіх войскаў з нашай тэрыторыі. Мы будзем дамагацца, каб гэтае пытанне было вынесенае на разгляд Рады Бяспекі ААН. Мы ўжо накіравалі лісты ў краіны ЕЗ з прапановамі новых моцных санкцыяў, якія бʼюць па рэжыме, а не па людзях.

Мы правядзем кансультацыі з суседзямі, Еўрапейскім звязам, ЗША і Вялікай Брытаніяй. Якім бы ні быў кожны наступны крок Лукашэнкі супраць беларускага суверэнітэту, ён прывядзе да самых сурʼёзных наступстваў», – падкрэсліваюць у Офісе Ціханоўскай.

Нагадаем, расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць» мусілі скончыцца сёння, 20 лютага. Але міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што праверка сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы будзе працягнутая ў сувязі з «нарастаннем ваеннай актыўнасці каля вонкавых межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе».

Гісторыі
«Аперацыі пад чужым сцягам» – як развязаць вайну пад маскай ахвяры
2022.02.20 12:28

РР belsat.eu

Стужка навінаў