У Баранавічах упаў вайсковы самалёт. Два пілоты загінулі


Дым на месцы здарэння ў Баранавічах.
Фота: Telegram / intexpress

У Баранавічах 19 траўня ўпаў самалёт. Пра гэта першым паведаміла мясцовае выданне Intex-Press.

Упаў вайсковы самалёт. Спачатку паведамлялася, што на борце быў адзін пілот і што ён катапультаваўся, піша «Наша Ніва».

«Хвілінаў трыццаць ужо гудзе верталёт. Да таго ляталі самалёты, быў чуваць грукат. Цяпер уся вуліца Розы Люксембург у шоку, там пападалі рэшткі. З таго, што кажуць на рынку, – пілот паспеў адвесці самалёт ад дамоў і рухнуў у полі за прыватным сектарам. Цяпер усе цікаўныя рушылі туды», – казала жыхарка Баранавічаў.

На месцы здарэння ў Баранавічах.
Фота: Telegram / intexpress

Затым баранавіцкае выданне «Наш край» напісала, што самалёт узлятаў з аэрадрому у кірунку Усходняга мікрараёну.

На ўзлёце ён урэзаўся ў прыватны дом на вуліцы Розы Люксембург. У катастрофе загінуў лётчык.

Паводле відавочцаў, чацвёрка самалётаў адпрацоўвала палёты, адзін з іх упаў.

«Ён круціў трукі, потым штосьці ў яго здарылася, ён страціў вышыню, яго стала штарміць, ён стаў сыходзіць ад гораду, і ўпаў дзесьці ў баку Усходняга, наўрад ці нават паспеў за горад паляцець», – цытуе жыхарку Баранавічаў «Intex-press».

На месцы авіякатастрофы ў Баранавічах.
Фота: Viber / Где ДПС? Барановичи и район

Белтэлерадыёкампанія паведаміла, што пілот у цяжкім стане.

На месца здарэння выехалі ратавальнікі.

Абодва пілоты загінулі

На месцы авіякатастрофы ў Баранавічах.
Фота: Viber / Где ДПС? Барановичи и район

Але затым у Міністэрстве абароны паведамілі, што пад Баранавічамі пацярпеў крушэнне вайсковы самалёт Лідскай штурмавой авіябазы Як-130.

«Пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць. Праявіўшы мужнасць і гераізм, пілоты імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункту. Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся», – адзначылі ў ведамстве.

Тым не менш, абодва лётчыкі – камандзір звяна вучэбна-баявой эскадрыллі маёр Андрэй Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Куканенка – загінулі.

На месцы авіякатастрофы ў Баранавічах.
Фота: Viber / Где ДПС? Барановичи и район

Іншых ахвяраў і разбурэнняў няма, заявілі ў Мінабароны.

На гэтым тыдні, 21–22 траўня, у Баранавічах меліся адзначаць 150-годдзе гораду. Сярод іншага 22 траўня планавалі дэманстратыўныя палёты вайсковай авіяцыі. Ці захаваюцца яны і надалей у праграме свята, ды ці будзе самое свята, не вядома.

Афіша святкаванняў 150-годдзя Баранавічаў.
Фота: Intex-Press
Hавiны
Ціханоўская выказала спачуванне сем’ям загінулых пад Баранавічамі пілотаў
2021.05.19 15:46

МГ belsat.eu

Стужка навінаў