Суд над Кацярынай Барысевіч і Арцёмам Сарокіным праходзіць у закрытым рэжыме


Кацярына Барысевіч у судзе, 19 лютага 2021 г.
Фота: Радыё Свабода / Reuters

19 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Менску распачнецца суд над журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч і доктарам БХМД Арцёмам Сарокіным. Журналістку і медыка вінавацяць паводле ч. 3 арт. 178 КК («Раскрыццё медычнай таямніцы»). Артыкул прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.

17:55. Паседжанне скончылася, наступнае паседжанне прызначанае на 22-га лютага, на 10:30.

Пасля 15-ай гадзіны ў суд выклікалі сведкаў, двух лекараў Больніцы хуткай медычнай дапамогі. Адзін з лекараў рэаніматолаг, які, найхутчэй, аказваў медычную дапамогу Раману Бандарэнку. Ад размовы з журналістамі ён адмовіўся, яшчэ на этапе следства ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы.

14:37. Пасля перапынку журналістаў, якія раней працавалі з калідораў залі суда, не пусцілі ў будынак. Супрацоўнік міліцыі на ўваходзе ў суд патлумачыў гэтае рашэнне тым, што судовы працэс па справе Барысевіч і Сарокіна праходзіць у закрытым рэжыме.

13:40. Адвакаты Андрэй Мачалоў, Міхаіл Баднарчук (абараняюць Кацярыну Барысевіч) і Вольга Бацюк (абараняе Арцёма Сарокіна) коратка пракаментавалі пачатак судовага працэсу. Паводле абаронцаў, Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін чулі людзей, якія прыйшлі іх падтрымаць: «Абвінавачаныя хацелі, каб працэс быў адкрытым, на жаль, суд вырашыў інакш».

Вольга Бацюк прагназуе, што вырак у справе будзе абʼяўлены да канца наступнага тыдня.

13:12. Журналістаў, якія працуюць з калідораў суду, просяць выйсці на вуліцу.

13:11. Маці Рамана Бандарэнкі выйшла з судовай залі, яна дала падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Ад каментароў для медыяў адмовілася.

12:07 Алену Бандарэнку, маці Рамана Бандарэнкі выклікалі на допыт у суд. Раней яе таксама выдалілі з залі суда, яна не лічыць, што судовы працэс мае быць закрытым.

10:40 Працэс закрылі ад прэсы. Аб закрыты фармат працэсу хадайнічала пракурор Людміла Іваненка. Паводле яе, будуць абвяшчацца матэрыялы, якія яшчэ не асвятляліся.

«Каб пазбегнуць раскрыцця медычнай таямніцы, што пад аховаю закону, і звестак папярэдняга расследавання. Матэрыялы справы ўтрымліваюць медычныя дакументы, у тым ліку тыя, што раней не публікаваліся».

Людзі абурыліся таму, што працэс закрылі. Тыя, хто сабраўся каля судовай залы, пляскалі ў далоні і выгуквалі «Каця» і «ганьба». Прысутныя ў судзе падпісваюць калектыўную скаргу. Пад заявай падпісаліся ўжо больш за 50 чалавек, падае Радыё Свабода.

Суд над Кацярынай Барысевіч і Арцёмам Сарокіным.
Фота: «Белсат»

10:30 Генеральная дырэктарка TUT.by Людміла Чэкіна выказалася пра сённяшні суд.

«Выцягнулі замшэлы артыкул і выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах».

10:00 Паседжанне пачынаецца. Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна завялі ў судовую залу праз асобны ўваход. Прысутныя пляскаюць, каб тыя пачулі іхнае падтрыманне. Трапіць на паседжанне маглі 30 чалавек, але пусцілі толькі 5. Паводле нашай карэспандэнткі, у суд прыйшлі каля 200 чалавек.

У залу прапусцілі адвакатаў і сваякоў. Затым – прадстаўнікоў СМІ, якіх акрэдытавалі на працэс. Усе яны з дзяржаўных медыяў. Журналістаў незалежных выданняў на пасяджэнне не акрэдытавалі. Назваў медыяў, якіх пускаюць у залу, не называюць, толькі прозвішчы працаўнікоў, паведамляе TUT.by.

На пасяджэнне прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Нямеччыны, Францыі, а таксама прадстаўніцтва ЕЗ у Менску.

Hавiны
За што судзяць Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна
2021.02.19 09:00
  • Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада ў сувязі з крымінальнаю справай аб нібыта раскрыцці медычнай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч. 3 арт. 178 КК).
  • Рамана Бандарэнку збілі невядомыя на плошчы Пераменаў 11 лістапада.
  • 12 лістапада Раман памёр у шпіталі.
  • Да збівання, магчыма, мелі дачыненне старшыня Федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў і кікбаксёр Дзмітрый Шакута.
  • Смерць Рамана Бандарэнкі, які проста выйшаў у свой двор і загінуў, выклікала вялікую хвалю салідарнасці сярод беларусаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў