Актывістку Вольгу Паўлаву пакаралі трыма гадамі «хатняй хіміі». На апошнім слове зала плакала

Актывістка Вольга Паўлава пасля прысуду. Фота: «Белсат»

Сёння ў судзе Ленінскага раёну Менску агучылі вырак палітычнай зняволенай, актывістцы «Страны для жизни» Вользе Паўлавай. Яе пастанавілі пакараць трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Пасля выбараў актывістку «Страны для жизни» Вольгу Паўлаву затрымлівалі чатыры разы, апошні – 15 лістапада, у дзень акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. З гэтага часу яна была пад вартаю. Пасля маршу на Курапаты (1 лістапада) супраць жанчыны распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), але тады не сталі адпраўляць у СІЗА і нават не далі содняў, бо актывістка мае шасцігадовае дзіця.

У пачатку працэсу Вольга Паўлава заявіла адвод суддзі праз недавер, бо раней Марына Запаснік незаконна прыцягнула яе да адказнасці паводле адміністратыўнага артыкулу 23.34. Хадайніцтва адхілілі як неабгрунтаванае.

Пракурор Аляксандр Рамановіч запатрабаваў тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Суддзя яго падтрымала.

Вольга Паўлава папрасіла не спыняць апошняга слова. Суддзя хадайніцтва задаволіла. Падчас прамовы прысутныя плакалі, а пасля падняліся і пляскалі ў далоні, адзначае праваабарончы цэнтр «Вясна».

«Уся рэч у тым, што людзі думаюць, быццам ёсць палажэнні, у якіх можна абыходзіцца з чалавекам без любові, як з рэччу, а такіх палажэнняў няма. З людзьмі нельга абыходзіцца без любові, і гэта не можа быць інакш, бо ўзаемная любоў паміж людзьмі – асноўны закон жыцця чалавечага… Шукайце царства Божага і праўды Яго, а астатняе прыкладзецца вам. А вы шукаеце астатняга і, відавочна, не знаходзіце яго», – казала ў сваёй прамове Паўлава.

«Калі мяне зноў пасадзяць у карцар – я не ведаю, ці вытрымаю чарговую галадоўку»

ЯП belsat.eu

Hавiны