Міністр замежных справаў Літвы: Робяцца спробы выключыць «Белавію» з санкцыйнага спісу


Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што сярод краінаў ЕЗ ёсць спробы выключыць «Белавію» з санкцыйнага спісу, піша Delfi.lt. Якая краіна выступае за выключэнне беларускай авіякампаніі са спісу, міністр не ўдакладняе, аднак не выключае, што гэта можа быць Нямеччына.

«Падобна, ёсць вельмі трывожная навіна, што з пакету санкцыяў, які рыхтуе Еўразвяз, спрабуюць прыбраць ледзь не адзін з самых важных элементаў – авіякампанію «Белавія», якая, як вядома, нясе адказнасць за вялікую колькасць мігрантаў, дастаўленых у Беларусь», – сказаў Ландсбергіс.

Аб’ектыў
Беспалётная зона над Менскам
2021.11.15 22:12

Міністр зазначыў, што бакі маюць права вета падчас узгаднення санкцыяў і дастаткова пярэчання толькі адной краіны, каб нейкі пункт выкраслілі.

Увядзенне дадатковых санкцыяў у дачыненні Беларусі ў адказ на распальванне міграцыйнага крызісу на мяжы з Еўразвязам узгаднілі раней на гэтым тыдні міністры замежных справаў ЕЗ.

Аб’ектыў
Беларусь застанецца без нацыянальнай авіякампаніі
2021.11.12 21:38

Габрыелюс Ландсбергіс заяўляе, што ў яго няма дакладнай інфармацыі, якая краіна хоча выключыць «Белавію» з санкцыйнага спісу, аднак не выключае, што на гэта можа ўплываць размова Ангелы Мэркель з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік літоўскага МЗС выступае катэгарычна супраць перамоваў з Лукашэнкам і падкрэслівае, што з ім «трэба размаўляць толькі на мове санкцыяў».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў