ICAO выпусціла справаздачу адносна пасадкі рэйсу «Ryanair» у Менску


Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) выпусціла справаздачу па выяўленні фактаў пра пасадку ў менскім аэрапорце рэйса «Ryanair» FR4978, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Соф’я Сапега.

Самалёт авіякампаніі «Ryanair».
Фота: Ryanair / Facebook

Справаздача прадстаўленая ўсім 193 дзяржавам-чальцам арганізацыі. Яна заснаваная выключна на звестках якія краіны падалі ў распараджэнне ICAO, і ўключае ў сябе эксплуатацыйныя падрабязнасці, тэхнічны аналіз розных захадаў і прынятых рашэнняў.

Справаздачу склала адмысловая група па расследаванні, у склад якой увайшлі эксперты ICAO у галіне авіяцыйнай бяспекі, эксплуатацыі паветраных суднаў, аэранавігацыі і міжнароднага паветранага права.

31 студзеня прадстаўнікі Рады ICAO абмяркуюць высновы справаздачы і вырашаць, што рабіць далей. Таксама будзе разгледжаны запыт Беларусі адносна абмежаванняў і санкцыяў, уведзеных пасля пасадкі рэйсу «Ryainair».

«Я ўдзячная ICAO за публікацыю і старт публічнай працы ў гэтай справе. Яшчэ летам мінулага года мая каманда звярнулася да прэзідэнта Рады ICAO з заклікам правесці дбайнае расследаванне па захопе самалёта і арышце Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі. З таго часу мы знаходзімся ў кантакце з кіраўніцтвам арганізацыі», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што «сённяшняя справаздача не назвала вінаватых, а толькі стала адпраўной кропкай у расследаванні злачынства», наступным крокам у якім стане паседжанне 31 студзеня.

«На дзеяннях рэжыму беларусы ўпэўніліся: парушыць закон можна за лічаныя секунды, а аднаўленне справядлівасці заўсёды патрабуе больш часу. Але мы дабʼемся гэтага, і першыя крокі ўжо зроблены», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Авіядыспетчар з Менску збег у Польшчу і раскрыў дэталі аперацыі КДБ па пасадцы самалёта «Ryanair» з Пратасевічам
2021.12.08 22:41

Самалёт «Ryanair» 23 траўня сёлета зрабіў вымушаную пасадку ў Менску пасля інфармацыі аб «мінаванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная сяброўка Соф’я Сапега былі затрыманыя. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля захопу апазіцыйнага блогера.

Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал: палітыкі, дыпламаты і міжнародныя арганізацыі рэзка асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі. Інцыдэнт з рэйсам Афіны – Вільня пацягнуў увядзенне жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў