Рэпрэсіі працягваюцца. У журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах праводзяць ператрусы

У офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, філіях праваабарончага цэнтру «Вясна» і ў кватэрах незалежных журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах Беларусі ладзяць ператрусы. Следчы камітэт паведамляе, што правяраюць арганізацыі, «што пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», у межах папярэдняга расследавання дзеля высвятлення акалічнасцяў фінансавання пратэставай дзейнасці.

Раніцай 16 лютага міліцыянты прыйшлі дадому да старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, а таксама да ягонага намесніка – юрыста Алега Агеева.

У дзверы да Барыса Гарэцкага, яшчэ аднаго намесніка Бастунца, грукаліся невядомыя. Абшукалі ўсё: глядзелі нават у сметніцах і лядоўнях. Забралі ноўтбукі, тэлефоны, сямейныя грошы. Ператрус працягваўся каля 3–4 гадзінаў. Барыс цяпер на волі. Ператрус у межах крымінальнай справs па артыкуле 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») правялі супрацоўнікі Следчага камітэту.

Жонка Андрэя Бастунца Сабіна Брыло распавяла «Нашай Ніве», што ейнага мужа забралі супрацоўнікі ГУУС Менгарвыканкаму. Ператрус праводзіцца ў офісе БАЖ. Міліцыянты паводзілі сябе ветліва і прасілі не хвалявацца. Андрэя Бастунца адвезлі ў офіс БАЖ, дзе зладзілі ператрус. Адтуль забралі сістэмны блок і тэчку з заявамі на ўступленне членаў арганізацыі. Прагледзелі ўсе працоўныя месцы, шафы. Зараз Андрэя Бастунца павязуць у ягоную кватэру, дзе таксама зладзяць ператрус.

У юрысткі Крысціны Рыхтар ідзе ператрус у межах крымінальнай справы паводле артыкулу 342. Забралі тэлефон, дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ.

У Рэчыцы міліцыя зладзіла ператрус у бацькоў аднаго з лідараў фонду «BySol» Андрэя Стрыжака. Забралі цвёрды дыск і стары мабільны тэлефон.

Тэлеграм-чат «Гомельская вясна» піша, што да гомельскай журналісткі-фрылансеркі Ларысы Шчыраковай прыехалі амапаўцы. Адзначалі, што сілавікі нібыта плануюць правесці ператрус у межах крымінальнай справы па артыкуле 362 («Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў»), аднак сама журналістка сцвярджае, што гаворка ішла пра справу паводле артыкулу 342. Сама яна ніякага працэсуальнага статусу не мае. Ператрус у гэты час праводзіцца і ў гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца. У кватэры бацькоў героя праграмы «Беларускі свет», валанцёра з Гомля Валерыя Сляпухіна таксама прайшоў ператрус. Валеры Сляпухін пасля выбараў вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер жыве ва Украіне. Актывіст з Гомля, які змагаўся з ушчыльненнем двароў, вымушаны быў выехаць за мяжу пасля таго, як звярнуўся ў Следчы камітэт з заяваю аб прыцягненні да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай.

У Магілёве ператрус праводзіцца на кватэры журналіста-фрылансера Алеся Буракова-малодшага і ягонага бацькі. Затрыманыя мясцовыя праваабаронцы «Вясны» Аляксей Колчын і Барыс Бухель.

Ранішні пераслед закрануў не толькі журналістаў. Паведамляецца, што ператрусы пачаліся ў сябраў магілёўскай філіі «Вясны» Аляксея Колчына і Барыса Бухеля. Таксама завіталі да кіраўнікоў мазырскай і светлагорскай філіяў Уладзіміра Целепуна і Алены Маслюковай. З ператрусам прыйшлі і да каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», праваабаронцы «Вясны» Андрэя Палуды.

У Берасці прыйшлі з ператрусамі да бацькоў валанцёрак мясцовай філіі «Вясны» Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч. Тэлефон праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна не дасяжны.

Ідзе ператрус у прэсавай сакратаркі Беларускага Дому правоў чалавека імя Барыса Звозкава Яўгеніі Парашчанкі.

«Віцебская вясна» паведамляе, што ператрус прайшоў у віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай.

ЯП belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны