У судовую залу пусцілі каля 15 чалавек – блізкіх родзічаў падсудных і прадстаўнікоў расейскіх медыяў.
Менскі абласны суд 15 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу супраць анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча.
Суддзя Вячаслаў Тулейка пастанавіў зрабіць працэс закрытым, у залу пусцілі толькі блізкіх родзічаў і прадстаўнікоў расейскіх медыяў. Астатным ахвотным прысутнічаць сказалі, што «больш няма месцаў».
Падсудных затрымалі 28 кастрычніка мінулага года каля ўкраінскай мяжы. У Міністэрстве ўнутраных справаў заявілі, што ў іх знайшлі дзве адзінкі агнявой зброі з боепрыпасамі, баявую ручную гранату, траўматычны пісталет і патроны да яго, халодную зброю і балончыкі з пярцовым газам, форму і заплечнікі вайсковага ўзору, намёты, сапёрную рыдлёўку, сякеру, ліхтары, ноўтбукі і таблеты, GPS-трэкеры, відэарэгістратары, фотакамеру, флэш-назапашвальнікі, SIM-карту ўкраінскага сотавага аператара, сродкі радыёсувязі з гарнітурамі схаванага нашэння, спецыяльнае экіпаванне і рыштунак, банкаўскія карты, грошы ў розных валютах. У Камітэце дзяржаўнай бяспекі лічаць, што «група Аліневіча» адказная за падпал аддзелу Дзяржаўнай аўтаінспекцыі ў Мазыры і машынаў ля будынку пракуратуры ў Салігорску.
Чатырох вінавацяць у «акце тэрарызму» (ч. 2 арт. 289 КК РБ) і «незаконным абароце зброі» (ч. 2 і ч. 4 арт.295 КК РБ), Аліневіча і Дубоўскага таксама ў «незаконным перамяшчэнні праз мяжу забароненых рэчываў» (ч. 1 арт. 333-1 КК РБ).
АА belsat.eu