Аляксандр Лукашэнка і Ангела Мэркель паразмаўлялі па тэлефоне наконт міграцыйнага крызісу


Сёння ўвечары, 15 лістапада, стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка і Ангела Мэркель правялі тэлефонную размову. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі.

Паведамляецца, што размова доўжылася каля 50 хвілін.

Аляксандр Лукашэнка і Ангела Мэркель.
Фота: anna-news.info

Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што падчас размовы быў абмеркаваны шэраг праблем, і перш за ўсё сітуацыя з бежанцамі на беларуска-польскай, беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай межах.

У размове былі закрануты шляхі і перспектывы вырашэння міграцыйнай праблемы «з мэтай недапушчэння эскалацыі сітуацыі на мяжы», а таксама пытанне гуманітарнай падтрымкі бежанцаў праз аказанне ім гуманітарнай дапамогі.

Паведамляецца, што Аляксандр Лукашэнка і Ангела Мэркель дамовіліся аб далейшых кантактах з мэтай вырашэння сітуацыі.

Таксама вядома, што прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным.

На мінулым тыдні расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін двойчы размаўляў па тэлефоне з Ангелай Мэркель наконт сітуацыі на беларуска-польскай мяжы. Ён выказаў спадзеў, што Лукашэнка і канцлерка Нямеччыны неўзабаве самі правядуць размову.

«Я так зразумеў, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і канцлер Мэркель гатовыя адзін з адным пагаварыць. Спадзяюся, што гэта ў бліжэйшы час адбудзецца. Гэта найбольш важна, таму што мігранты імкнуцца перш за ўсё ў Нямеччыну», – сказаў Пуцін 13 лістапада.

Hавiны
Пуцін заявіў, што Расея не мае дачынення да міграцыйнага крызісу, але гатова дапамагчы
2021.11.14 16:10

АД, belsat.eu

Стужка навінаў